Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магу толькі маліцца, каб дачка засталася жывая», — бацька палітзьняволенай Калесьнікавай, якая ўжо год у інфармацыйнай блякадзе


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Апошні ліст ад Марыі Калесьнікавай прыйшоў у сям'ю 15 лютага 2023 году.

Кіраўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году. Праз год Менскі абласны суд прызначыў ёй 11 гадоў зьняволеньня. Пазьней КДБ дадаў Марыю ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Летась палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву тэрмінова апэравалі ў гомельскай бальніцы хуткай дапамогі.

Сваякам Марыі Калесьнікавай апошні ліст ад яе прыйшоў 15 лютага 2023 году. Бацьку, які жыве ў Беларусі, бачыцца з Марыяй не даюць:

«Я магу толькі маліцца, каб мая дачка засталася жывая, таму што адміністрацыя турмы ў Гомлі не дазваляе спатканьні і не адказвае на мае лісты і просьбы», — заявіў агенцтву Associated Press бацька Калесьнікавай Аляксандр Калеснікаў у тэлефонным інтэрвію з Менска.

«Больш за год Марыя знаходзіцца ў строгай ізаляцыі, безь лістоў. Наведваньне адвакатаў забароненае, а яе сваякі вар'яцеюць і страцілі сон»,— дадаў Калесьнікаў.

У мінулым лістападзе палітзьняволеную зьмясьцілі ў ШЫЗА гомельскай жаночай калёніі, адкуль яе даставілі ў хірургічнае аддзяленьне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Там яе праапэравалі з прычыны прабадной язвы і пэрытаніту. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжаньне ў ШЫЗА.

Таксама доўгі час няма зьвестак пра Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыку, Вольгу Маёраву.

Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова патрабаваў ад беларускіх уладаў прыняць «тэрміновыя меры абароны» для тых, хто знаходзіцца за кратамі без права зносін, але не атрымаў адказу.

«Утрыманьне пад вартай без права зносін — з рызыкай гвалтоўнага зьнікненьня — сьведчыць аб стратэгіі пакараньня палітычных апанэнтаў і ўтойваньня доказаў жорсткага абыходжаньня з імі і катаваньняў з боку праваахоўных органаў і турэмных уладаў», — гаворыцца ў заяве камітэта.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG