9 лютага споўніўся год як няма ніякіх лістоў ад палітвязьня Мікалая Статкевіча. Апошні ліст ад яго прыйшоў 9 лютага 2023 году. Як паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч, паводле стану на 8 лютага 2024 году ад Міколы лістоў так і не прыйшло.
На пачатку студзеня Марына Адамовіч спрабавала перадаць мужу перадачу, але яе вярнулі ўжо трэці раз запар. На сваю скаргу Марына Адамовіч атрымала чарговы фармальны адказ. Зь яго вынікала, што Мікола Статкевіч «працягвае адмаўляцца выконваць законныя патрабаваньні адміністрацыі, за што ў дачыненьні да яго ўжываюць меры спагнаньня».
24 студзеня Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 дзён. Пра гэта стала вядома 23 студзеня, калі сілавікі прыйшлі больш як да 200 сваякоў палітвязьняў і былых палітзьняволеных.
7 лютага Марына Адамовіч выйшла на волю.
Палітык Мікола Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 4 гады. 14 сьнежня 2021 году яму вынесьлі прысуд: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.
На сеньня ў невядомасьці знаходзяцца ня толькі родныя Міколы Статкевіча. Доўгі час няма зьвестак ад палітвязьняў Ігара Лосіка — (апошні ліст ён даслаў летась 20 лютага), Віктара Бабарыкі (ад яго няма лістоў 12 месяцаў), Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калесьнікавай і іншых.
Сувязі зь імі няма. На працу яны ня ходзяць. Перадачы, спатканьні, тэлефанаваньні забароненыя. Ліставаньне дазволенае, але на практыцы яго таксама няма.
Усе яны, паводле абазнаных крыніц, утрымліваюцца ў адзіночках ПКТ — памяшканьня камэрнага тыпу. У лістападзе ў ПКТ Горацкай калёніі трапіў і нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.
Паводле беларускага заканадаўства, у ПКТ вязень можа адбываць пакараньне ня больш за 6 месяцаў.