У 43-гадовага палітвязьня Сьцяпана Латыпава пачалася цынга, паведаміла «Позірку» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
Па ягоных словах, палітвязень скардзіцца, што яму не аказваюць мэдыцынскай дапамогі, не перадаюць лекаў.
Цынга – захворваньне, зьвязанае зь нястачай вітаміну С. Пры адсутнасьці вітаміну яна можа разьвіцца за чатыры тыдні, пры недахопе – за чатыры месяцы. На фоне зьніжэньня імунітэту характарызуецца ломкасьцю сасудаў, кроватачывасьцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.
Суд Івацэвіцкага раёну (Берасьцейская вобласьць) 15 верасьня 2022 года перавёў Латыпава на турэмны рэжым адбываньня пакараньня на 2 гады. Адміністрацыя івацэвіцкай калёніі патрабавала трохгадовага тэрміну. У канцы таго ж месяца палітвязьня этапавалі ў магілёўскую турму №4.
16 жніўня 2021 году Латыпаву прысудзілі 8,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічынь (8700 рублёў).
Палітвязьня абвінавацілі ў стварэньні дваровага тэлеграм-чату, майстэрні па вырабе пратэставай сымболікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні 15 верасьня 2020 году. Акрамя таго, як дырэктара кампаніі «Беларба» яго прызналі вінаватым у тым, што ён уводзіў у зман кліентаў пры аказаньні паслуг хімічнай абароны расьлін.
Яму інкрымінавалі чч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 2 арт. 363 («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак»), ч. 4 арт. 209 («Махлярства ў асабліва буйным памеры») Крымінальнага кодэксу.
Палітвязень віны не прызнаў. Падчас аднаго з судовых паседжаньняў ён у знак пратэсту ўторкнуў сабе ў горла востры прадмет. Яму зрабілі апэрацыю.