У тэлеграм-канале Менгарвыканкаму апублікавалі відэа, у якім дырэктар рыбакансэрвавага камбіната «Сталічны» Андрэй Блахін прызнае праблемы на прадпрыемстве і віну ў іх кіраўніцтва, абяцаючы найбліжэйшым часам сытуацыю выправіць.
«Мы выпускаем кансэрвавую прадукцыю, а менавіта шпроты ў алеі. Так, утварылася запазычанасьць... Мы маем зносіны з людзьмі. З кожным зараз праведзена індывідуальная размова. Кіраўніцтва арганізацыі прыносіць прабачэньні работнікам за тое, што ўтварылася такая сытуацыя — затрымка заработнай платы. Мы прымаем усе меры, каб у бліжэйшы час пагасіць гэтую запазычанасьць у поўнай меры», — кажа кіраўнік камбіната.
Раней супрацоўнікі менскага ТАА «Рыбакансэрвавы камбінат «Сталічны» запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вырашыць сытуацыю, ролік заўважыў Reform.by. Паводле работнікаў, яны больш за пяць месяцаў не атрымліваюць заробкі.
Відэа было апублікавана ў TikTok 9 лютага 2024 году. На момант публікацыі яно мае ўжо больш за 107 тысяч праглядаў.
«Больш за пяць месяцаў мы не атрымліваем заработную плату — верасень, кастрычнік, лістапад, сьнежань, студзень. Ужо люты — мы не атрымліваем заработную плату. Працы на сёньня ў нас няма, з 8-га студзеня ў нас прастой. Мы не працуем, мы не зарабляем, у нас няма кавалка хлеба. Дапамажыце вырашыць нашу сытуацыю», — просяць супрацоўнікі.
Па словах работнікаў камбіната, яны скардзіліся ў пракуратуру і ўжо пісалі ліст Лукашэнку і «ўжо пайшлі паўторныя лісты», аднак «рашэньня пытаньня няма».
«Плаціць квартплату нам няма чым, жыць нам няма на што. У краму я не магу пайсьці, таму што мне няма за што купіць элемэнтарна нават кавалак хлеба. Вось як жыць у дадзенай сытуацыі?», — задаецца пытаньнем адна з супрацоўніц камбінату.
Жанчыны кажуць, што сярод іх ёсьць тыя, хто выхоўваюць дзяцей адны, без мужоў, што ў некаторых «ёсьць абавязацельствы плаціць за кватэры».
«Мы вас вельмі моцна просім. Таму што куды мы не зьвяртаемся, усё роўна стаім на адным месцы. Людзі ходзяць у лямбарды, здаюць сваё золата, таму што трэба неяк пражыць. Мы нават Лекі купіць ня можам», — кажуць людзі.
Яшчэ адна супрацоўніца адзначае, што калі нехта піша заяву на звальненьне, яго не звальняюць і кажуць, што калі яны звольняцца, ім «увогуле нічога ня выплацяць».
У Менгарвыканкаме і Мінпрацы кажуць, што ведаюць пра сытуацыю і «прымаюць неабходныя захады»
Кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску Генадзь Любатынскі заявіў, што ён у курсе сытуацыі, а таксама адзначыў, што «Рыбакансэрвавы камбінат «Сталічны» — гэта прыватнае прадпрыемства і што «сытуацыя знаходзіцца на пастаянным кантролі».
Чыноўнік сьцьвярджае, што ў лістападзе-сьнежні па гэтым пытаньні прайшлі нарады «на ўзроўні Менгарвыканкаму, адміністрацый раёна», таксама правялі перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства і па выніках нібыта «ўдалося выплаціць частку запазычанасьці работнікам» у канцы сьнежня». Ён запэўніў, што чыноўнікі «працягнуць працу па выплаце заробкаў работнікам».
Дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Мінпрацы Аляксандар Семіч таксама апраўдаўся за сытуацыю зь нявыплатай заробкаў на рыбакансэрвавым камбінаце «Сталічны», запэўніўшы, што дэпартамэнт «прымае ўсе неабходныя захады для ліквідацыі запазычанасьці» і «трымае сытуацыю на кантролі». Паводле яго, кіраўніка арганізацыі ўжо неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, і «часткова гэта прынесла свае вынікі»: частку запазычанасьці перад работнікамі ліквідавалі.
ТАА «Рыбакансэрвавы камбінат „Сталічны“» разьмешчаны на былым прадпрыемстве ААТ «БЕЛРЫБА», на завулку Сьцябенёва ў Менску. Паводле наяўнай у сеціве інфармацыі, колькасьць яго супрацоўнікаў — 68 чалавек. Камбінат мае вытворчыя плошчы больш за 5000 кв.м. У Любані ёсьць філіял камбінату.
Праблемы ў «Белрыбы», на базе якой стварылі «Рыбакансэрвавы камбінат „Сталічны“» пачаліся, калі прадпрыемства паступова пачало страчваць беларускі рынак, а ў 2018 годзе — і расейскі. У 2020 годзе прадпрыемства ўжо было стратным і нават падавала заяву аб банкруцтве. Пасьля банкруцтва «Белрыбы» адзін зь яе цэхаў далучылі да гандлёвага цэнтра «Радзівілаўскі», але і ён перастаў існаваць. Тады цэх перадалучылі да Менскага холадакамбіната № 2, а пазьней скарацілі.