На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— ЦВК РФ не зарэгістравала кандыдатам Барыса Надзеждзіна. Але подпісы сабраць яму далі магчымасьць. Чаму не зарэгістравалі? Ён меў шанцы перамагчы, калі б зарэгістравалі?
— 2020 год у Беларусі даў адказ на гэтаt пытаньне. Чым менш дапускаць свабоды, бескантрольнасьці, няпэўнасьці, тым спакайней праходзяць выбары. Таму там вырашылі не павялічваць на 1–5% імавернасьць незаплянаванага сцэнара. Усе разумеюць, што пратэсты ў выпадку нерэгістрацыі Надзеждзіна будуць пэўнага маштабу (калі яны наагул будуць). А калі б яго дапусьцілі да выбараў, ён бы мог набраць даволі вялікі адсотак, яму відавочна напісалі б меншы, і гэта магло б спарадзіць пратэсты значна больш маштабныя.
Гэта просты паліттэхналягічны разьлік. Беларусь тут стала для Расеі карысным падручнікам, што трэба і чаго ня трэба дапускаць.
— А цяпер — пра беларускія выбары, якія дэмсілы называюць «бязвыбарамі». Чаму напярэдадні іх улады напампоўваюць градус небясьпекі? Хаваюць імёны чальцоў камісіяў, рыхтуюць сілавыя структуры для абароны выбарчых участкаў ад нападаў. Яны баяцца паўтарэньня 2020 году? Але сытуацыя зусім іншая. Апазыцыйных кандыдатаў няма, лёзунг «бязвыбараў» наўрад ці можа натхніць некага на публічны пратэст. У чым жа прычына гэтага накручваньня атмасфэры небясьпекі?
— Тут розьніца ва ўспрыманьні сьвету. Мы глядзім на 2020 год праз прызму грамадзкай мабілізацыі, праз ацэнку таго, якая ў грамадзтве ёсьць пратэставая энэргія, ці гатовыя людзі выступаць, ці ёсьць ім за што і супраць чаго выступаць. Усе пераменныя гэтага раўнаньня маюць дачыненьне да стану грамадзтва, стану масавай сьвядомасьці.
А ва ўлады прызма зусім іншая. Ёсьць ворагі, яны сядзяць ва ўладных кабінэтах у краінах Захаду. Гэта спэцслужбы, гэта ўрады заходніх краінаў. Яны спрабавалі, спрабуюць і будуць спрабаваць разгайдаць сытуацыю ў Беларусі. І кожная выбарчая кампанія — для іх магчымасьць. А каго ўжо яны набяруць у свой «статак» — гэта справа дзясятая, каго-небудзь знойдуць. Так бачыць сытуацыю ўлада.
І зь яе гледзішча тыя памылкі, якія далі «замежным інтэрвэнтам» магчымасьць ускаламуціць ваду ў 2020 годзе, трэба па пэрымэтры нідзе не паўтарыць. Каб у Захаду не было ніякага поля для яго падкопаў.
Быў прэсінг на чальцоў выбарчых камісіяў, каб яны сумленна лічылі галасы — значыць, трэба засакрэціць іх імёны, каб было менш прэсінгу. Выклікалі збой сыстэмы зборы людзей на выбарчых участках пасьля галасаваньня — не дадзім зьбірацца, паставім нарады міліцыі, не дадзім фатаграфаваць бюлетэні.
Яны склалі сьпіс таго, што лічаць мэтадычкай, паліттэхналягічнымі хадамі, якія выкарыстоўвалі іх «заакіянскія ворагі». І робяць контразахады.
Гэта паранаідальнае ўспрыманьне палітычных пагрозаў, уласьцівае беларускаму рэжыму і іншым падобным яму — не як нечага ўнутранага, а як зьнешняга. І ў межах гэтай карціны становішча свайго грамадзтва мае вельмі малое значэньне.
Некаторае мае. Ня хочацца напярэдадні выбараў надта раздражняць грамадзтва нейкімі зусім ужо неадэкватнымі крокамі. Са сваёй палітыкі адносна ковіду і рэакцыі на яе грамадзтва ўлады таксама зрабілі высновы.
Але ў асноўным яны бачаць пагрозу ў «руцэ Захаду». Тым больш што ўся апазыцыя перасунулася за мяжу і ў турму. А гэтым штабам у замежжы трэба паказваць сваю дзейнасьць, значыць, пэўна будуць нейкія правакацыі, разважае ўлада.
Гэта і вядзе да зачысткі ўсіх нішаў, нават калі б зачыстка толькі адной (скажам, нерэгістрацыя кандыдатаў) ужо вырашыла б гэтую праблему. Перастрахоўка тут лішняй ня будзе, лічаць яны.
Да таго ж ёсьць і нізавая ведамасная дынаміка. Кожнае ведамства хоча прадэманстраваць, што ў адказны для ўлады пэрыяд яно ня сьпіць у шапку.
Адсюль бачым разнастайныя рэпрэсіўныя ініцыятывы — арыштаваць родных палітвязьняў, арыштаваць маёмасьць чальцоў Каардынацыйнай рады, блякаваць Youtube Ціханоўскай падчас яе звароту ў навагоднюю ноч. Гэтыя недарэчныя дзеяньні закліканыя паказаць, што тое ці іншае ведамства таксама ўключылася ў агульную справу.
— Вы ўжо пачалі размову пра новую якасьць рэпрэсіяў. Яны ня тое каб узмацняюцца, але паглыбляюцца, ахопліваюць новыя сфэры і аспэкты, якіх не закраналі раней. А ці бачыце вы нейкія зрухі, рухі ня ў дзеяньнях улады, а ў грамадзтве? Акрамя таго, што грамадзтва цярпіць ад рэпрэсіяў, што яно робіць яшчэ? Размова пра фэномэны, якія не абавязкова супраць улады. Зыбіцкая — сымбаль хіпстэрскай субкультуры — як такая не была супраць улады. Нешта новае такога кшталту вы бачыце?
— Мы з вамі сядзім не ў Беларусі. А ў Беларусі б напэўна сядзелі. Цяпер нават калі новыя фэномэны грамадзкага разьвіцьця ўзьнікаюць, то яны імкнуцца існаваць ніжэй за радары СМІ, якія спажываюць людзі кшталту мяне і вас. Самі актывісты, грамадзянскія ініцыятывы ня сьвецяцца.
Нядаўна быў добры даклад групы BIPART пра тое, якая грамадзянская супольнасьць усё яшчэ існуе ў Беларусі. Існуе насамрэч шмат ініцыятываў. Яны, зразумела, усе займаюцца непалітычнымі пытаньнямі. І не паказваюць сваю дзейнасьць публічна. Раней усё было наадварот. Часам дэкляравалі дзейнасьць там, дзе яе насамрэч не было. Цяпер нават там, дзе яна ёсьць, яе спрабуюць хаваць.
Мой адказ на вашае пытаньне: не, я ня бачу пераменаў у грамадзянскім ляндшафце Беларусі. І магчыма, дзякаваць Богу, што я іх ня бачу. Бо тады, імаверна, іх ня бачаць і беларускія спэцслужбы.
У апошнія месяцы пачаў ажываць жанр пэтыцыйных зваротаў да ўлады. Людзі запісваюць звароты да Лукашэнкі і іншых высокіх чыноўнікаў, звычайна гэта робяць у TikTok. Гэта, дарэчы, новы фэномэн, TikTok зараз, напэўна, самая папулярная сацсетка ў Беларусі. Гэтыя звароты — у фармаце: Аляксандар Рыгоравіч, вырашыце нашае пытаньне. І гэта кепская навіна для дэмсілаў, бо размовы пра легітымнасьць ці нелегітымнасьць аказваюцца другаснымі, калі размова ідзе пра вырашэньне надзённых праблемаў людзей.
Але мы гэтага ня бачылі ў 2022 годзе, а напрыканцы 2023 году гэта зьявілася. Зьявілася разуменьне, што пытаньні вырашаць трэба, яны ад улады залежаць, і часам выхад зь імі ў публічную прастору не катастрафічны, калі не парушаць нейкіх новых «чырвоных лініяў».
Нядаўна была гісторыя з раддомам, дзе загінула дзіця. Гэтую гісторыю шырока абмяркоўвалі, бо маці пра гэта расказала.
Сацыяльныя моманты пачалі ўсплываць. Ці будзе з гэтага нешта новае, ці будзе ўлада гэта цярпець, ці будзе караць, як нядаўна разграміла чат пра грамадзкі транспарт у Гомлі? Я ня ведаю.
Але жыцьцё пад асфальтам ёсьць, і я ўпэўнены, што гэтага жыцьця пад асфальтам нашмат больш, чым мы з гэтага боку мяжы і асфальту бачым.
— Нядаўна ў праграме «Часики тикают» вы сказалі, што ў Беларусі не хапае выразнай левай палітычнай сілы. Чаму вы лічыце, што на гэта ёсьць грамадзкі запыт? Як вам бачыцца, якая сацыяльная база будучых пераменаў у Беларусі?
— Я ня меў на ўвазе, што такая сіла была б у Беларусі самай папулярнай. Думаю, што ў Расеі ў такой сілы было б больш шанцаў. Бо ёсьць пытаньне дыстанцыяваньня ад кіроўнай вярхушкі. Беларуская ўлада ўсё ж пераважна левая. Яна аднаўляе ці кансэрвуе савецкія мэханізмы кіраваньня. Лукашэнка пакінуў многія камуністычныя практыкі і ганарыцца імі. Ён ненавідзіць прадпрымальнікаў ці не давярае ім.
Пуцін, наадварот, — скрайна правы, ультракансэрватыўны аўтакрат.
І таму ня дзіўна, што ў Беларусі на працягу ўсяго часу кіраваньня Лукашэнкі ў апазыцыі яму былі правыя, правакансэрватыўныя, правацэнтрысцкія сілы. Але гэта не азначае, што за 30 гадоў яго кіраваньня ён нічым не насаліў людзям левых поглядаў.
І эканамічныя праблемы, і проста глупствы кшталту дэкрэту пра «дармаедаў», і «аптымізацыі» чарнобыльскіх ільготаў былі вельмі непапулярныя ў грамадзтве, у тым ліку і ў сэгмэнтах, якія чакаюць ад дзяржавы больш патэрналісцкай ролі.
Мне здаецца, што з гадамі такіх людзей робіцца ўсё больш. Падвышэньне пэнсійнага ўзросту, кантрактная сыстэма, разгром прафсаюзаў — усё гэта разам стварае вялікі сэгмэнт людзей, якія адчуваюць, што Лукашэнка здрадзіў, парушыў свае абяцаньні, будуючы «сацыяльную дзяржаву».
Гэтыя людзі не адчуваюць сябе ўтульна з прарынкавым і пранацыянальным парадкам дня дэмакратычных сілаў. І так было да 2020 году, так было ў 2020 годзе, так ёсьць цяпер. І яны застаюцца «палітычна бяздомнымі». Што ёсьць хібай беларускага апазыцыйнага руху.
Пры гэтым былі моманты ўзьлёту палітыкаў, якія абапіраліся на гэтую сацыяльную базу. Быў Уладзімер Ганчарык у 2001 годзе, быў Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе, была «Гавары праўду», якая пазыцыянавала сябе як левапапулісцкая кампанія.
У 2015 годзе Тацяна Караткевіч здолела прыцягнуць абсалютна новых людзей. Апытаньні НІСЭПД тады паказвалі, што палова яе электарату былі абсалютна новымі для апазыцыі людзьмі.
Ідэалягічная стракатасьць апазыцыі ў 2020 годзе была яе сілай.
Чым далей мы адыходзім ад 2020 году, тым больш аднастайнай і менш інклюзіўнай робіцца палітычная вярхушка дэмсілаў. Яна адлюстроўвае погляды такіх людзей, як я, але такія, як я, не складаюць большасьць беларускага грамадзтва.
Ня трэба саступаць апанэнтам ніякую частку ідэалягічнага спэктру.
— Нядаўна ў інтэрвію нашаму Радыё Зянон Пазьняк заявіў, што сапраўдны новы лідэр зьявіцца толькі ўнутры Беларусі. Ці згодны вы? І калі так, то чым дыяспара магла б паспрыяць яго зьяўленьню?
— Я рэдка пагаджаюся з Пазьняком, але з гэтай ягонай тэзай я згодны. Невялікія шанцы на тое, што перамены адбудуцца безь зьяўленьня новага пакаленьня апазыцыйных палітыкаў унутры краіны, а з-за мяжы трыюмфальна вернецца апазыцыя ў выгнаньні. Такія прэцэдэнты ў гісторыі былі, але яны рэдкія. Павінны супасьці шмат фактараў.
З гэтага не вынікае, што цяперашняя апазыцыя ў выгнаньні не ўбудуецца ў новую ўладу, якая прыйдзе ў выніку пераменаў. Мы ведаем, што нават нашчадкі эмігрантаў з краінаў Балтыі, Польшчы, Грузіі вярталіся ў гэтыя краіны і рабілі там палітычныя кар’еры.
Але размова ідзе пра лідэраў, якія будуць рухавікамі саміх гэтых пераменаў.
Яны могуць быць і з сучаснай намэнклятуры, і з тых, хто сёньня сядзіць у турме. Ня трэба забываць, што самыя папулярныя лідэры 2020 году сёньня ў турме.
Што тычыцца ролі дыяспары ў гэтым, то тут складана. Палітычная эміграцыя адыгрывае ролю генэратара сэнсаў, пакуль у краіне гэта працэс падаўлены ці замарожаны. Мяркую, што некаторыя ідэі, спароджаныя ў эміграцыі, будуць успрынятыя ў Беларусі. Але прамы ўплыў, вырошчваньне з эміграцыі лідэраў у Беларусі — я ня бачу інструмэнтаў для гэтага.
Рэжым зрабіў палітычную эміграцыю вельмі таксычнай з прававога пункту гледжаньня, абвясьціўшы яе «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». Гэта робіць вельмі вялікімі рызыкі любой камунікацыі зь імі знутры краіны.
На цяперашнія выбары вылучаўся былы старшыня партыі «Зялёных» Дзьмітры Кучук. Калі б яго зарэгістравалі, там было б нуль асацыяцыяў з дэмакратычнымі сіламі ў выгнаньні.
— Прачытаў у расейскага палітоляга Ўладзіміра Пастухова цікавую мэтафару са сфэры мэдыцыны. Пры некаторых хваробах арганізм можа зьнішчыць не інфэкцыя, ня вірус, а празьмерная імунная рэакцыя самога арганізму. Гэта называецца цытакінавым штормам. Зь цяперашнім рэжымам у Беларусі так можа быць? Ці можа атрымацца так, што яго пахавае менавіта тое, што ён празьмерна адрэагаваў на выклік 2020 году? Ці мэтафара недарэчная?
— Мне ня хочацца прымаць вашую мэтафару, бо яна прадстаўляе тое, з чым рэжым змагаецца, як нейкую інфэкцыю, як нешта чужое для гэтага арганізму. Гэты выклік чужародны для рэжыму, але ёсьць і грамадзтва. Яму чужародныя як гвалтоўныя формы пратэсту, гэтак і гвалт з боку рэжыму.
Сёньня Азаронак езьдзіць па гарадах і вёсках і скардзіцца, што народ непалітызаваны, што яго не хвалююць падзеі 2020 году і вайна, а цікавіцца ён адно «сацыялкай».
І грамадзтва знаходзіцца ў стане самаабароны, сыходу ў сябе ад рэпрэсіяў рэжыму. Цяжка сабе ўявіць, што гэты рэжым абрынецца ад таго, што ён перарэагаваў. У яго ёсьць зьнешні донар, які прыйдзе на дапамогу, падкіне сілавыя ці фінансавыя рэсурсы.
Але ёсьць працэсы самапаяданьня, якія сапраўды могуць паўплываць, прынамсі, на развагі Лукашэнкі, што рабіць далей.
Скажам, калі ўмоўны ГУБАЗіК будзе выходзіць за рамкі дазволенага, арыштоўваць занадта шмат «ябацек» — а гэта адбывалася напрыканцы мінулага году. Калі б гэты працэс набыў вялікі размах, то падзеі маглі б разьвівацца паводле мадэлі, якая скончыла «вялікі тэрор» 1937–1938 гадоў. І намэнклятура нарадзіла б зь сябе сыгнал наверх, што прыйшоў час гэта ўсё спыняць, што яна стамілася ад хаатычных рэпрэсіяў.
Гэта магло б прывесьці не да каляпсу гэтага рэжыму, але да істотнай «каліброўкі» ўнутранай палітыкі. Уся яжоўская вярхушка НКВД апынулася там жа, дзе яны катавалі сваіх ахвяраў.
Якім можа быць мэханізм самапажыраньня сыстэмы? Што грамадзтва ўзбунтуецца? Я ня думаю, што грамадзтвы рэагуюць так на экстрэмальны ціск, калі гарызантальныя сувязі паміж людзьмі практычна немагчымыя. І калі ёсьць іншыя «стратэгіі выйсьця», акрамя выхаду на плошчу, — напрыклад, эміграцыя.
І таму я ў гэтым пытаньні пэсыміст. Я ня думаю, што ёсьць нейкае дно рэпрэсіяў, дно зацісканьня гаек, пасьля якога зрывае разьбу.
— А сцэнар 1938 году магчымы? Ціхі сыгнал ад намэнклятуры — што хопіць ужо?
— Гэта магчыма. І ён можа быць ня толькі адносна рэпрэсіяў. Але і паводле лініі ўсё большага ідэалягічнага разыходжаньня ў апараце паміж «рускамірцамі» і «сувэрэністамі». Апошнія лічаць, што варта мець усё ж сувэрэнны «рэйх», першыя — што ў гэтым няма ніякай патрэбы.
І чым гучнейшыя галасы «рускамірцаў», тым мацнейшая рэакцыя на гэта з боку людзей кшталту Ігара Марзалюка. Мы бачым войны прапагандыстаў у тэлеграме на гэтую тэму. І па гэтай лініі можа быць сыгнал наверх, што варта мяняць курс. Але не відавочна, што гэтыя сыгналы могуць прывесьці да сьмерці сыстэмы. У Лукашэнкі ёсьць мэханізмы вырашэньня гэтых праблемаў.
Але калі на гэта накладзецца нейкі сурʼёзны вонкавы крызіс (у Расеі ці ў стасунках з Расеяй), то сытуацыя будзе іншая.
— Нядаўна Лукашэнка вельмі дзіўным чынам апісаў функцыі новага Ўсебеларускага народнага сходу, а таксама сваё бачаньне будучыні: «Хацелі б мы гэтага ці не, ідзе зьмена пакаленьняў. І гэта заўжды вельмі небясьпечны пэрыяд. Яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсьці. Нам бы не паўтарыць гарбачоўскі пэрыяд, калі мы як мульцікі глядзелі, радаваліся: ах, шчасьце прыйдзе! Краіну развалілі і ў яму трапілі. Нам гэтага нельга паўтарыць».
Што канкрэтна яго турбуе, палохае?
— Гэта проста цьвярозая ацэнка гісторыі. Гарбачова прывёў у Палітбюро ястраб зь ястрабаў — Юры Андропаў. Дзьмітрыя Мядзьведзева зрабіў прэзыдэнтам Уладзімір Пуцін. Касым-Жамарта Такаева прывёў на вяршыню ўлады Нурсултан Назарбаеў.
Усе яны ў той ці іншай ступені сталі на шлях выхаду з-пад кантролю ці выйшлі з-пад яго. Так што прыкладаў, калі сытуацыя пайшла насуперак волі патрыярха, вакол Лукашэнкі шмат. І ён слушна гэтага баіцца.
Пра гэта мала думалі, калі прапісвалі такую сыстэму ў Канстытуцыі. Лукашэнка і раней казаў, што УНС павінен кантраляваць будучую ўладу, але раней гэта не гаварылася з такім драматызмам, з успамінамі пра Гарбачова.
Калі ўжо напісалі і прынялі Канстытуцыю, Лукашэнка казаў, што варта было ўпісаць у яе абраньне прэзыдэнта Ўсебеларускім сходам. У 2021–2022 гадах да яго прыйшло разуменьне, што ўтрымаць гэта можна толькі ўласнымі «сінімі пальцамі».
Ён пераканаўся, што людзям нельга давяраць, калі яны гавораць табе прыемныя словы, пакуль ты іх начальнік. Тое, што чалавек ляяльны сёньня, нічога ня кажа пра тое, якім ён будзе заўтра.
Гэта і сыноў тычыцца. Мы лічым, што зь імі ўсё проста. А чаму мы так вырашылі? У Туркмэністане Гурбангулы Бердымухамедаў зрабіў сына Сэрдара прэзыдэнтам. А цяпер ізноў забірае паўнамоцтвы сабе.
Лукашэнка проста разумее біялягічнае набліжэньне задачы, якая ня мае рашэньня.