Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў аб неабходнасьці ўзмацненьня абароны краіны для хуткага рэагаваньня на любыя выклікі на тле расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Як паведаміла выданьне lrt.lt, адказваючы на пытаньне, ці ня створыць жалезную заслону закрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю, Гітанас Наўседа заявіў, што жалезная заслона «ўжо апусьцілася ўсім сваім цяжарам 24 лютага 2022 году».
«Нават пасьля пачатку вайны некаторыя мае калегі ў Эўрапейскай радзе ўсё яшчэ мелі ілюзіі, але некаторыя зь іх тут жа адмовіліся ад іх, калі даведаліся пра зьверствы, якія Расея прадэманстравала ў Бучы. Так што „жалезная заслона“ ужо ёсьць, яна, імаверна, апусьцілася надоўга, я не бяруся меркаваць, на дзесяцігодзьдзі ці на гады, гэта шмат у чым будзе залежаць ад будучыні расейскага рэжыму», — сказаў прэзыдэнт Літвы журналістам.
Паводле яго, «існаваньне гэтай жалезнай заслоны стварае праблемы як для NATO, так і для Літвы, якая павінна зрабіць шмат працы, і зрабіць яе хутка».
«Павольная праца сёньня немагчымая, асабліва ў сфэры абароны нам патрэбна дзейнічаць хутка, каб падрыхтавацца да любых выклікаў, якія могуць зьявіцца», — падкрэсьліў Гітанас Наўседа.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас 6 лютага паведаміў пра ініцыятыву з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы — «Райгорад» і «Лаварышкі».
Канчаткова гэтую прапанову мае зацьвердзіць урад. Калі ён падтрымае гэтую ініцыятыву, на мяжы зь Беларусьсю адкрытымі застануцца толькі два з ранейшых шасьці памежных пунктаў — «Меднікі» і «Салечнікі».
Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы гэтую ініцыятыву літоўскім СМІ, заявіла, што разумее асьцярогі службаў бясьпекі Літвы, але закрыцьцё памежных пераходаў для пасажыраў лічыць лячэньнем сымптомаў, а не пазбаўленьнем прычынаў.
«Закрыцьцё пагранпераходаў ударыць найперш па беларусах, якія ў большасьці супраць Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну. Ня трэба будаваць жалезную заслону. Бо ад ізаляцыі беларусаў выйграе толькі Лукашэнка і Пуцін», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Яна назвала мяжу зь Літвой адзінай сувязьзю для беларусаў са свабодным сьветам, а для некаторых — адзінай магчымасьцю выратавацца ад рэпрэсій.
18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач.