«Закрыцьцё пагранпераходаў ударыць найперш па беларусах, якія ў большасьці супраць Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну. Ня трэба будаваць жалезную заслону. Бо ад ізаляцыі беларусаў выйграе толькі Лукашэнка і Пуцін», — лічыць Ціханоўская.
Яна назвала мяжу зь Літвой адзінай сувязьзю для беларусаў са свабодным сьветам, а для некаторых — адзінай магчымасьцю выратавацца ад рэпрэсій.
«Канечне, сярод тых, хто прыяжджае, могуць быць і памагатыя рэжыму. Давайце іх выяўляць. І многія беларускія ініцыятывы ўжо самастойна гэта робяць, як у выпадку з Маціевічам, і дзеляцца зьвесткамі зь літоўскім бокам. Можна перагледзець сыстэму праверак, і мы гатовыя ў гэтым дапамагаць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
На яе думку, ізаляваць трэба Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Яна прапануе абмяжоўваць грузаперавозкі, і ў першую чаргу патокі падсанкцыйных тавараў.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас 6 лютага паведаміў пра ініцыятыву з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы — «Райгорад» і «Лаварышкі».
Канчаткова гэтую прапанову мае зацьвердзіць урад. Калі ён падтрымае гэтую ініцыятыву, на мяжы зь Беларусьсю адкрытымі застануцца толькі два з ранейшых шасьці памежных пунктаў — «Меднікі» і «Салечнікі».
18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач.