Журналіст сайта dev.by патэлефанаваў у амбасаду Польшчы ў Менску, і там адказалі, што «праграма РБН закрытая». Тым, хто хоча атрымаць візу, прапанавалі падавацца на працоўную візу альбо рабіць запрашэньне.
Сайт «Люстэрка» паведамляе, што зьвязаўся з консульствам Польшчы ў Беларусі.
«Зь сёньняшняга дня гэтыя візы выдавацца ня будуць... Усе заявы, якія трапілі ў консульства да 24 студзеня, будуць разгледжаныя ва ўстаноўленым парадку», — заявілі там.
Ад пачатку дзеяньня праграмы Польшча выдала 94 тысячы візаў РВН, і толькі 13,5 тысячы спэцыялістаў прыехалі ў Польшчу.
Большасьць візаў, 80 тысяч, выдадзена спэцыялістам зь Беларусі.
Але, як даведалася выданьне Rzeczpospolita, такія візы таксама выдаваліся грамадзянам Ірану, Грузіі, Карэі, Азэрбайджану.
Віза РВН выдавалася тэрмінам на 1 год і давала магчымасьць працаўладкаваньня ў Польшчы без запрашэньня на працу, дазвалялася ствараць ІП, весьці гаспадарчую дзейнасьць.
Каб адкрыць такую візу, ад беларусаў патрабавалася мець дыплём аб тэхнічнай адукацыі альбо пацьвярджэньне таго, што яны працавалі ў ІТ- сфэры на працягу аднаго году.
Мяркуецца, што адмена гэтых візаў зьвязаная зь візавым скандалам, які не сьціхае ў Польшчы. У сувязі зь ім затрыманы былы намесьнік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык. Падазраюць, што зь яго дапамогай кампаніі-пасярэднікі незаконна аформілі тысячы візаў мігрантам з краін Азіі і Афрыкі, якія не зьбіраліся працаваць у Польшчы, а былі затрыманыя за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі Нямеччыны.
- У Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) «Позірку» паведамілі, што афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага ў іх няма. Арганізацыя зьвярнулася з адпаведным запытам у МЗС Польшчы.