З 2020 году Польшча выдала амаль 94 тысячы віз па IT-праграме Poland Business Harbour (PBH), большасьць зь іх — беларусам. Аднак за тры гады ў краіну па такой візе прыехалі 13,5 тысячы чалавек — гэта значыць толькі 14% яе ўладальнікаў, піша партал «Зеркало» са спасылкай на польскую Rzeczpospolitu.
Праграма Poland Business Harbour першапачаткова была створаная ў 2020 годзе для грамадзян Беларусі — айцішнікаў і іх сем’яў, якім яна давала шэраг ільгот. Праз год дзеяньне праграмы было пашырана на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Армэніі, Расеі ды іншых краін — усяго іх 44. Аднак пераважная большасьць уладальнікаў IT-віз — усё роўна беларусы: паводле ацэнкі польскіх палітыкаў, такіх каля 65 тысяч чалавек.
Прадстаўнік Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю Марцін Грачык паведаміў, што ведамства, якім ён кіруе, з пачатку дзеяньня праграмы перадало ў МЗС і службу ўнутранай бясьпекі Польшчы зьвесткі аб 83 тысячах чалавек, якія выказалі жаданьне пераехаць у краіну. Але ён падкрэсьліў, што за працэдуру выдачы віз адказваюць консульскія службы Польшчы — такім чынам, яны і павінны ведаць, колькі іншаземцаў уехалі па IT-візе.
Што здарылася з больш чым 80 тысячамі чалавек, якія атрымалі візу PBH і зьніклі па дарозе ў Польшчу, — арганізатары праграмы ня ведаюць.
Rzeczpospolitа нагадвае, што пасьля 2020 году IT-кампаніі зь Беларусі актыўна пераводзілі бізнэс у Польшчу. Аднак ёсьць вэрсія, што гэта магло адбывацца толькі «на паперы» дзеля атрыманьня падатковых ільгот, а насамрэч супрацоўнікі фізычна знаходзяцца ў Беларусі і працуюць дыстанцыйна.
У сярэдзіне кастрычніка дэпутаты польскага Сэйму ад «Грамадзянскай кааліцыі» Ян Грабец і Ганна Гіл-Пентэк выказалі занепакоенасьць тым фактам, што Польшча выдала беларусам дзясяткі тысяч віз па праграме PBH, але ўлады ня могуць даказаць, што ўсе яны сапраўды працуюць у краіне.
Паводле Яна Грабца, ён і яго паплечнікі ня здолелі высьветліць у офісе прэм’ер-міністра, ці сапраўды ўсе ўладальнікі IT-візы працуюць у Польшчы і чым яны займаюцца — магчыма, «выконваюць урадавыя замовы, зьвязаныя з крытычна важнай для дзяржавы інфармацыяй».
«А мы ўсе ведаем, якую важную дапамогу Беларусь аказвае Расеі ў вайне з Украінай», — дадаў Грабец. Паводле яго слоў, з прычыны такой палітыкі ўладаў Польшча знаходзіцца «пад вельмі сур’ёзнай пагрозай».