Месцаў на могілках Украіны бракуе, цэны на рытуальныя паслугі растуць. Тэлеканал «Настоящее время» расказаў пра пахавальны бізнэс ва ўмовах вайны.
Работнікі сьпяшаюцца. Наперадзе важныя ва Ўкраіне рэлігійныя сьвяты.
«Працэнтаў 70 ужо зроблена. Тут будзе алея, 13 кубоў бэтону пайшло», — апавядае Ігар Серада.
На могілках каля Кіева ўзводзяць алею Славы. Тут пахаваюць загінулых вайскоўцаў, якія родам з тутэйшых вёсак. За ўсім працэсам сочыць Ігар Серада, уласьнік пахавальнага агенцтва. Тры гады таму падчас акупацыі Бучы ён займаўся пахаваньнямі. Пахавальны бізнэс — яго сямейная справа.
Ігар кажа, што такія алеі Славы ёсьць практычна на кожных кладах Украіны. У многіх выпадках сваякам загінулых вайскоўцаў у пахаваньні дапамагае або адміністрацыя, або вайсковы камісарыят. Рытуальныя паслугі сёньня рэч дарагая.
«Калі браць нашы цэны, то да вайны пахаваньні каштавалі недзе ў межах 8-9 тысяч грывень. Пасьля акупацыі пахаваньні пачалі каштаваць каля 12 тысяч. А цяпер ужо пад 15», — расказвае Ігар.
15 тысяч грывень — гэта каля 360 даляраў. І гэта вельмі ашчаднае пахаваньне. Па цэнах Ігаравага бюро можна сачыць за дынамікай інфляцыі ў краіне. Падаражэлі труны, асабліва лякаваныя, большасьць іх вытворцаў — у заходняй частцы Ўкраіны. Падушка, покрыва, царкоўны набор, крыж, носьбіты труны — кожная пазыцыя вырасла ў цане.
«Лягістыка: бэнзін вельмі дарагі, удвая амаль падаражэў, 27 грыўняў быў, цяпер 50 ці 60, яно ўсё паднялося. І цэны вырасьлі. Гэтак жа раней, да поўнамаштабнага ўварваньня, мы маглі хлопцам па 200 грывень даць і яны там заносяць-выносяць нябожчыка. Зараз за 200 грывень ня знойдзеце людзей».
Месца на могілках тут бясплатнае. Але так ня ўсюды. Чым бліжэй да гораду, тым цэны вышэйшыя. На Байкавых могілках у Кіеве месьціцца адзіны крэматорый ва ўкраінскай сталіцы і адзін з трох ва Ўкраіне. Крэмацыя і невялікая адтуліна ва ўзгорку — гэта ўжо мінімум тысяча даляраў.
«Вось гэта ўсё і яшчэ два месцы — 40 тысяч грыўняў. Гэта было тады, у 2022-м. А як цяпер, я не ведаю».
Байкавыя могілкі — самыя прэстыжныя ва Ўкраіне. Хаваюць тут ня ўсіх. Таму вызначыць тут цану пахаваньня складана — у кожнага яна свая, частка выплат можа быць неафіцыйнай. Некалькі чалавек, якія паразмаўлялі з НВ, сказалі, што такое пахаваньне абышлося ім у $1 100 – $1 400.
Яшчэ адна асаблівасьць вялікіх украінскіх гарадоў — за тры гады вайны колькасьць сьвежых магіл павялічылася ў разы, і месцаў для новых пахаваньняў бракуе. Пашыраць могілкі складана, вакол прыватная ўласнасьць.
Найдаражэйшыя пахаваньні ў Львове, Дніпры і Кіеве. Праблему зь недахопам могілак у сталіцы прызнаюць афіцыйна: з 28 могілак для пахаваньняў адкрытыя толькі адны.
«На сёньня адкрытыя для пахаваньня толькі адны могілкі — Паўночныя. Але рэсурс свабодных месцаў там амаль вычарпаны. Астатнія могілкі маюць статус закрытых або напаўзакрытых для масавых пахаваньняў, дзе дазволеныя толькі падпахаваньні», — адказалі ў рытуальнай службе «Спэцкамбінат прадпрыемстваў камунальна-бытавога абслугоўваньня».
І сытуацыя наўрад ці палепшыцца. Паводле Міністэрства юстыцыі, у 2024 годзе сьмяротнасьць ва Ўкраіне перавысіла нараджальнасьць утрая — 495 тысяч сьмерцяў. Гэты паказьнік узрастае пры набліжэньні да фронту. У Данецкай і Херсонскай вобласьцях сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць у 11 разоў.
Паводле зьвестак ААН, летась ад баявых дзеяньняў толькі сярод цывільнага насельніцтва загінулі больш за дзьве тысячы ўкраінцаў. У канцы мінулага году Ўладзімір Зяленскі сьцьвярджаў, што за тры гады вайны загінулі 43 тысячы вайскоўцаў, паводле ж амэрыканскага тэлеканалу CBS, іх можа быць яшчэ больш — да 100 тысяч.
Колькі ўкраінцаў гіне ад ускосных прычын вайны — стрэсы, дэпрэсіі, сардэчныя захворваньні ці самагубствы — ніхто не лічыў. Паводле ЦРУ, Украіна мае адзін з найвышэйшых узроўняў сьмяротнасьці ў сьвеце — 18 чалавек з 1000. І апошнім часам у вялікіх гарадах Украіны стала папулярным купляць месца на могілках задоўга да меркаванай сьмерці.
А зь нядаўняга часу зьявілася яшчэ адна навацыя: купляюць ня толькі месца, але і надмагільны камень, нават партрэт на ім робяць, бо сёньня будзе дакладна таньней, чым заўтра.
На пэрыфэрыі сытуацыя з могілкамі лепшая. Іх больш, іх лягчэй пашыраць. Хоць нават у невялікіх вёсках і мястэчках імкнуцца хаваць толькі «сваіх».
«У нас у нашай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамадзе Немяшаеўскай шэсьць могілак. З шасьці могілак пяць закрытыя. Гэта азначае, што ў нас там няма вольных месцаў для пахаваньняў. Адкрытыя толькі адны. І гэтыя могілкі на адно мястэчка — Немяшаева і Мікулічы. Я вам скажу, што з тым прагрэсам, як мы хаваем, яшчэ хапае месца. Але мы не хаваем кіеўскіх і іншагародніх», — расказвае Ігар Серада, уласьнік пахавальнага агенцтва.
Каб хоць неяк зьменшыць нагрузку на могілкі, некалькі гадоў таму зьявілася ідэя збудаваньня вялікіх вайскоых могілак. Але будоўлю блякуюць жыхары мясцовых вёсак — ня хочуць такога суседзтва.