Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сама меней 159 чалавек трапілі пад перасьлед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязьняў

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020

Па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ рабілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманьні сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама былых палітзьняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі. 24 студзеня прыйшлі яшчэ да некалькіх сваякоў палітвязьняў.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам за гэтыя дні пад перасьлед трапілі сама меней 157 чалавек. Пасьля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошваньні. Але на волю выйшлі ня ўсе — супраць часткі затрыманых завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Некаторых затрыманых судзяць па адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выходзяць на волю пасьля допытаў, але ў якім статусе — невядома, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у многіх выпадках прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праект арганізоўваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа».

Кіраўніцтва ініцыятывы INeedHelpBY, якая дапамагае людзям прадуктамі, 25 студзеня пракамэнтавала ў Instagram масавыя затрыманьні сваякоў палітвязьняў у Беларусі:

«Запэўніваем, што з нашага боку ніякіх узломаў сыстэмы і выцекаў інфармацыі не было», — заявіў кіраўнік праекту Філіп Гаўрышаў.

Таксама ініцыятыва параіла выдаліць іх тэлеграм-бот, адпісацца ад сацсетак і пачысьціць кэш.

Як паведамлялі раней праваабаронцы, пры затрыманьнях, сярод іншага, сілавікі пыталіся, «хто дапамагае зь перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі». Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат з «Е-кошыкаў», шукалі ў тэлефонах аплікацыі замежных банкаў, а таксама патрабавалі тлумачэньняў наконт грашовых пераводаў на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядаюць аплаты ў сэрвісах зь літоўскіх і польскіх картак і зьбіраюць інфармацыю пра сумы аплат.

Прызнаньне ініцыятывы «экстрэмісцкім фармаваньнем» нясе сурʼёзныя наступствы для тых, хто зьвяртаўся ці зьвяртаецца да іх па дапамогу. Цяпер за любое супрацоўніцтва з INeedHelpBY можа пагражаць крымінальная адказнасьць паводле арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.

Крыніца «Люстэрка» з Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі (АПБ) на ўмовах ананімнасьці расказала, што 23 студзеня сілавікі таксама затрымалі людзей, якія знаходзіліся ў тэлеграм-чаце сваякоў і былых палітвязьняў. Паводле крыніцы, доступ да сьпісу ўдзельнікаў чату сілавікі атрымалі каля двух тыдняў таму пасьля затрыманьня адной з удзельніц і «проста пайшлі па ўсіх кантактах, якія знаходзяцца ў Беларусі». Ён адзначае, што «ўсе ўдзельнікі чату былі вэрыфікаваныя, але многія зь іх не валодалі дастатковым узроўнем тэхнічнай пісьменнасьці, каб выканаць неабходныя меры лічбавай бясьпекі».

Акрамя гэтага, паводле актывіста АПБ, ёсьць сярод затрыманых і тыя, хто ня ўдзельнічаў у чаце і не карыстаўся дапамогай ініцыятывы INeedHelpBY. Паводле яго, 23 студзеня затрымалі мужа адной з палітзьняволеных, які не карыстаўся дапамогай ніякіх ініцыятываў, ня ўдзельнічаў у чатах і групах, ня вёў перапіску ні з кім з тых, каго рэжым лічыць «экстрэмістамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG