Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бясьпечна дапамагаць рэпрэсаваным? «Сілавікі не разумеюць, як мы працуем, таму і ня могуць нас зьнішчыць»


Аляксей Лявончык і Марына Касінерава. Каляж Свабоды
Аляксей Лявончык і Марына Касінерава. Каляж Свабоды

Больш за сотню чалавек трапілі пад перасьлед у аўторак і сераду па ўсёй Беларусі. Сілавікі прыйшлі да былых палітвязьняў, іх сем’яў, а таксама да тых, хто нібыта дапамагаў ім. Менавіта з салідарнасьцю з рэпрэсаванымі і зьвязаная новая хваля перасьледу.

Ці здольныя сілавікі спыніць дапамогу тым, хто апынуўся ў патрэбе, і як бясьпечна дапамагаць у сёньняшняй Беларусі? Пра гэта ў эфіры «Свабоды Premium» — Марына Касінерава з ініцыятывы Dissidentby і Аляксей Лявончык з фонду ByHelp. Абодва аб’яднаньні дапамагаюць ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

Фармальна сілавікі тлумачылі падчас вобшукаў, што ўсё гэта зьвязана з тым, што ініцыятыву IneedHelp прызналі экстрэмісцкай. Ад пачатку 2020 году гэтая ініцыятыва дапамагла больш як 2300 сем’ям рэпрэсаваных. Адбывалася гэта па простай схеме: беларусы за мяжой набывалі прадукты ў беларускіх гандлёвых сетках з паслугай дастаўкі дадому. Атрымлівалі гэтую дапамогу палітвязьні або іх сем'і.

Аляксей Лявончык: Думаю, што мэтай гэтага рэйду было пастарацца накрыць усю сыстэму дастаўкі дапамогі, бо яны патрацілі даволі вялікі час, каб атрымаць базы э-дастаўкі. Думаю, гэта не таямніца, што базы, якімі карысталася ініцыятыва IneedHelp, трапілі ў рукі сілавікоў. Гэта нескладана і знаходзіцца ўсё ў Беларусі. Пасьля яны наклалі гэта на адрасы палітзьняволеных або іх сваякоў, і ў вас ёсьць сьпіс людзей, якія зьвярталіся па дапамогу ў INeedHelp. А калі нехта зьвяртаўся туды, то, магчыма, ён зьвяртаўся і ў іншыя фонды дапамогі, і сілавікі спадзяюцца нешта знайсьці такім чынам. Яны спрабуюць запалохаць і паслаць сыгнал, што мы за вамі сочым і што дапамагаць палітычным нельга, і атрымліваць дапамогу таксама нельга. Гэта будзе працягвацца далей, але не з такім тэмпам, бо ў сілавікоў няма бясконцага рэсурсу, каб трэсьці па 100 чалавек на дзень.

Марына Касінерава: Для спэцслужбаў такая дапамога — важнае пытаньне. Бо салідарнасьць дапамагае людзям трымацца сваіх меркаваньняў. Людзі, якія ў 2020 годзе выходзілі, далучаліся да пратэсту, прытрымліваюцца пэўных поглядаў, жадаюць пераменаў. Калі салідарнасьць існуе, то гэтыя каштоўнасьці жывуць, далучаюцца новыя людзі, і пратэставыя меркаваньні растуць і могуць выбухнуць. А сілавікі хочуць усё зачысьціць, пакінуць людзей у вакуўме, безь нічога. Яны жадаюць, каб ніхто не камунікаваў і ніхто ня выйшаў пасьля на вуліцу. Яны жадаюць пазбавіцца ўсіх апанэнтаў, каб ніхто ня меў і думкі змагацца. Дыктатура менавіта так і дзейнічае. На шчасьце, гэта не атрымаецца. Усе ініцыятывы вельмі добра працуюць. Сыстэма не разумее, што калі гэта дзейнічае дэцэнтралізавана, то ўсё вельмі складана парушыць. Гэта ня тая вэртыкальная сыстэма, у якой яны працуюць, таму яны нас не разумеюць.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што пасьля візытаў сілавікоў некаторых з родных палітвязьняў затрымалі, рэшту адпусьцілі дадому. Ва ўсіх бралі падпіску аб маўчаньні. У пастановах супрацоўнікаў КДБ фігуруюць артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG