Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы гуляюць з жыцьцямі ўкраінскіх палонных». Зяленскі заявіў, што будзе настойваць на міжнародным расьсьледаваньні крушэньня Іл-76


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота. Студзень 2024 году
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота. Студзень 2024 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі позна ўвечары 24 студзеня пракамэнтаваў крушэньне расейскага вайсковага самалёта Іл-76 у Белгарадзкай вобласьці, на якім, паводле заяваў Мінабароны Расеі, перавозілі ўкраінскіх ваеннапалонных для абмену.

«Відавочна, што расейцы гуляюць з жыцьцямі ўкраінскіх палонных, з пачуцьцямі родных і з эмоцыямі нашага грамадзтва», — заявіў, у прыватнасьці, Зяленскі, ні слова не сказаўшы аб магчымых прычынах падзеньня самалёта, як і аб тым, ці былі на яго борце палонныя ўкраінскія вайскоўцы, якія рыхтаваліся да абмену. Пры гэтым Зяленскі згадаў, што заслухаў даклады аб тым, што адбылося ад прадстаўнікоў Мінабароны, УСУ, СБУ і ваеннай выведкі.

Адначасова з гэтым прэзыдэнт Украіны заявіў, што будзе настойваць на міжнародным расьсьледаваньні катастрофы.

«Неабходна ўстанавіць дакладныя факты. Настолькі, наколькі гэта магчыма, улічваючы, што падзеньне самалёта адбылося на расейскай тэрыторыі — па-за нашым кантролем», — падсумаваў Зяленскі.

За некалькі гадзін да гэтага стала вядома, што Зяленскі адмяніў паездку ў цэнтральныя рэгіёны Ўкраіны і забараніў прызначаць сустрэчы для віншаваньня са сваім днём нараджэньня — 25 студзеня прэзыдэнту Ўкраіны спаўняецца 46 гадоў.

  • Раніцай 24 студзеня ў Белгарадзкай вобласьці разьбіўся расейскі вайскова-транспартны самалёт Іл-76. Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што на борце знаходзіліся 65 украінскіх ваеннапалонных, якіх перавозілі ў Белгарад для абмену, а таксама шэсьць чалавек экіпажу і трое суправаджальнікаў. Усе яны, паводле ведамства, загінулі. Расейскія ўлады назвалі крушэньне Іл-76 тэрактам, абвінаваціўшы ў ім Узброеныя сілы Ўкраіны.
  • Украінскія ўлады пакуль фактычна не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць ніводнай з вэрсій катастрофы. У ГУР Украіны пры гэтым пацьвердзілі, што 24 студзеня павінен быў адбыцца абмен палоннымі, заявіўшы таксама, што «ўкраінскі бок не быў пастаўлены ў вядомасьць аб неабходнасьці забесьпячэньня бясьпекі паветранай прасторы ў раёне горада Белгарад у пэўны пэрыяд часу, як неаднаразова рабілася ў мінулым». З раніцы шэраг буйных украінскіх выданьняў паведамілі, што самалёт быў зьбіты УСУ, аднак пазьней усе паведамленьні пра гэта былі выдаленыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG