Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катастрофа Іл-76 пад Белгарадам: што сьцьвярджаюць Расея, Украіна і на якія пытаньні пакуль няма адказаў


Кадры падзеньня ІЛ-76 у Белгарадзкай вобласьці, 24 студзеня 2024 году
Кадры падзеньня ІЛ-76 у Белгарадзкай вобласьці, 24 студзеня 2024 году

Раніцай 24 студзеня ў Белгарадзкай вобласьці ўпаў вайскова-транспартны самалёт Іл-76. У Мінабароны РФ заявілі, што ён ляцеў з падмаскоўнага аэрадрома ў Белгарад, а на борце знаходзіліся 65 палонных вайскоўцаў УСУ, трое сілавікоў для суправаджэньня і 6 чальцоў экіпажу. Масква абвінавачвае ва ўдары па самалёце Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Паводле губэрнатара Белгарадзкай вобласьці Гладкова, усе, хто былі на борце, загінулі.

Пакуль дакладна можна сьцьвярджаць толькі тое, што ў Белгарадзкай вобласьці сапраўды ўпаў расейскі самалёт: гэта пацьвярджаюць відэа і фота, якія апублікавалі мясцовыя жыхары і СМІ.

Уся астатняя інфармацыя пра катастрофу пакуль не пацьверджаная незалежна, але ўжо выкарыстоўваецца дзеля прапаганды. «Настоящее время» сабрала ўсё, што вядома пра катастрофу.

Што мы дакладна ведаем пра катастрофу

Самалёт упаў у полі за жылымі дамамі паўночнай ускраіны вёскі Ябланава ў Карачанскім раёне Белгарадзкай вобласьці. Гэта прыкладна за 50 км ад мяжы з Украінай і прыкладна за столькі ж кілямэтраў на паўночны ўсход ад Белгараду.

Першыя паведамленьні пра катастрофу зьявіліся ў 11.12 паводле мясцовага часу: у Белгарадзе ў гэты момант спрацавала апавяшчэньне аб ракетнай небясьпецы. Праз паўгадзіны губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў пра «здарэньне ў Карачанскім раёне». Затым тэлеграм-канал 112 паведаміў пра крушэньне Іл-76, а ў тэлеграм-канале «Блэтгород» апублікавалі відэа падзеньня.

Вэрсія Расеі

Амаль адразу ж пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра падзеньне самалёта, Мінабароны РФ і некалькі дэпутатаў Дзярждумы, у тым ліку кіраўнік камітэту па абароне Андрэй Картаполаў, пачалі распаўсюджваць вэрсію:

  • што на борце Іл-76 знаходзіліся 65 палонных вайскоўцаў УСУ, якіх павінны былі абмяняць;
  • што самалёт быў зьбіты з зэнітнага ракетнага комплексу з тэрыторыі Харкаўскай вобласьці: Мінабароны заявіла, што «быў зафіксаваны пуск дзьвюх ракет» з пасёлку Ліпцы пад Харкавам;
  • што самалёт быў зьбіты, верагодна, амэрыканскімі ці нямецкімі ракетамі Patriot ці IRIS-T.

Паводле расейскай вэрсіі, украінскіх вайскоўцаў перавозілі на самалёце ў Белгарад для абмену, адтуль зьбіраліся адвезьці да КПП Калацілаўка на мяжы з Украінай. У падтрымку гэтай вэрсіі некалькі расейскіх праўладных тэлеграм-каналаў паведамілі, што абмен палоннымі «па формуле 192 на 192» нібыта мусіў адбыцца сёньня, 24 студзеня, на мяжы Белгарадзкай вобласьці, але «УСУ сарвалі яго атакай на Іл-76».

Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што расейскія радыёлякацыйныя сродкі зафіксавалі пуск па самалёце дзьвюх украінскіх ракет з раёну населенага пункту Ліпцы Харкаўскай вобласьці. Ад яго да месца падзеньня самалёта прыкладна 100 км. Вайсковыя экспэрты таксама выказвалі меркаваньні, што ўдар мог быць нанесены ня толькі замежнай ракетай, пра што было заяўлена ў Дзярждуме, але і ракетай комплексу С-300, якія шырока выкарыстоўваюцца і Расеяй, і Ўкраінай: яны здольныя ляцець на адлегласьць да 200 км.

Дэпутат Картаполаў таксама заявіў у Дзярждуме, што самалётаў было два: яшчэ адзін нібыта ляцеў за зьбітым Іл-76 з 80 ваеннапалоннымі, але яго «пасьпелі павярнуць».

Адразу пасьля гэтага кіраўнік камітэту Дзярждумы Расеі ў міжнародных справах Леанід Слуцкі заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы «ня першы раз б’юць па сваіх» і што адказнасьць за «расстрэл ваеннапалонных у паветры» ў роўнай ступені нясуць улады ў Вашынгтоне і Брусэлі. А сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дзярждума падрыхтуе зварот да Кангрэсу ЗША і Бундэстагу Нямеччыны, «каб дэпутаты нарэшце „прозрели“, каго яны фінансуюць (у Кіеве)».

Ні заяву аб тым, што самалёт перавозіў палонных, ні заяву аб тым, што самалёт быў зьбіты УСУ і замежнымі ракетамі, пакуль не пацьвердзілі незалежныя крыніцы або дадзеныя сыстэм сачэньня.

Расея запатрабавала склікаць тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН у сувязі з катастрофай расейскага Іл-76, заявіў міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.

Вэрсія Ўкраіны

Міністэрства абароны Ўкраіны некалькі гадзін заяўляла, што пакуль ня можа пацьвердзіць, што прычынай падзеньня расейскага вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 пад Белгарадам быў удар Сіл абароны Ўкраіны.

Толькі ўвечары ў сераду Галоўнае ўпраўленьне выведкі МА Ўкраіны і Генштаб УСУ выпусьцілі свае заявы.

Мінабароны прызнала, што 24 студзеня меўся адбыцца абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, але ён не адбыўся.

«Цяпер у нас няма дакладнай і вычарпальнай інфармацыі наконт таго, хто менавіта знаходзіўся на борце самалёта і ў якой колькасьці», — паведамілі ў Мінабароны Ўкраіны.

У ведамстве адзначылі, што Ўкраіна са свайго боку выканала ўсе дамоўленасьці для падрыхтоўкі абмену: своечасова даставіла расейскіх палонных на абумоўлены пункт, дзе яны знаходзіліся ў бясьпецы. Бясьпеку украінскіх палонных, паводле дамоўленасьцяў, павінен быў забясьпечыць расейскі бок, адзначылі ў ведамстве. У той жа час украінскі бок не апавясьцілі «пра неабходнасьць забесьпячэньня бясьпекі паветранай прасторы ў раёне гораду Белгарад у пэўны пэрыяд часу, як неаднаразова рабілася ў мінулым», адзначылі ў Мінабароны.

«Украіна не была праінфармаваная пра колькасьць транспартных сродкаў, маршруты і формы дастаўкі палонных. Пасадка транспартнага самалёта ў 30-кілямэтровай зоне вядзеньня баявых дзеяньняў ня можа быць бясьпечнай і ў любым выпадку павінна абмяркоўвацца абодвума бакамі, бо ў адваротным выпадку гэта падвяргае небясьпецы ўвесь працэс абмену», — сказана ў прэс-рэлізе.

Генштаб УСУ таксама не пацьвердзіў удар па самалёце, але заявіў: «Зафіксаваная інтэнсіўнасьць абстрэлаў Харкаўшчыны расейскімі акупантамі наўпрост зьвязаная з ростам колькасьці вайскова-транспартных самалётаў, якія на працягу апошняга часу накіроўваліся да аэрадрома Белгараду. З улікам гэтага Ўзброеныя Сілы Ўкраіны будуць і ў далейшым прымаць меры па зьнішчэньні сродкаў дастаўкі, кантролю за паветранай прасторай для зьнішчэньня тэрарыстычнай пагрозы, у тым ліку на белгарадзка-харкаўскім напрамку».

Пры гэтым вэрсія аб удары УСУ адразу пасьля катастрофы самалёта зьявілася ва ўкраінскіх СМІ:

  • «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў УСУ спачатку напісала, што ўкраінскія вайскоўцы пацьвердзілі факт падзеньня самалёта, указаўшы, што «гэта іх праца», і паведамілі, што самалёт перавозіў ракеты для ЗРК С-300. Пазьней гэты пост быў выдалены. «Іншая крыніца УП не пацьвердзіла гэтую інфармацыю», — напісала выданьне.
  • РБК-Украіна сьледам за «Ўкраінскай праўдай» таксама выдаліла са сваёй навіны пра зьбіты самалёт камэнтар УСУ.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў таксама пацьвердзіў украінскай службе Радыё Свабода, што на сераду 24 студзеня плянаваўся абмен палоннымі з Расеяй.

«Магу канстатаваць, што заплянаваны на сёньня абмен пакуль не адбываецца. Агучаная расейскім бокам інфармацыя пра тое, што ваеннапалонныя маглі знаходзіцца ў самалёце Іл-76, які ўпаў у Белгарадзкай вобласьці, зараз правяраецца», — пераказвае выданьне яго словы.

Што вядома (і не) пра палонных

Празь некалькі гадзін расейская прапагандыстка, галоўная рэдактарка RT Маргарыта Сіманьян апублікавала сьпіс людзей, якія, як сьцьвярджаецца, былі на борце Іл-76, які разьбіўся.

«Важныя гісторыі» пасьля апублікаваньня гэтага сьпісу паведамілі, што як мінімум некалькі імёнаў зь яго супадаюць з дадзенымі, якія публікаваў украінскі тэлеграм-канал «Пошук палонных і зьніклых бязь вестак украінцаў» у канцы сьнежня.

Пры гэтым украінскія мэдыя зьвяртаюць увагу на тое, што сьпіс Сіманьян можа быць фальшыўкай: 18 чалавек зь яго абмянялі раней.

Журналісты «Схемаў» устанавілі імёны расейскіх чальцоў экіпажу, сваякі пацьвярджаюць іх гібель

Журналісты праекту «Схемы» Украінскай службы Радыё Свабода ўстанавілі імёны шасьці чальцоў экіпажу самалёта Іл-76, які разьбіўся ў Белгарадзкай вобласьці. Гібель сама меней трох зь іх пацьвердзілі іх сваякі.

Паводле дадзеных праекту, экіпаж належаў да 117-га ваенна-транспартнага авіяцыйнага палку з дысьлякацыяй у Арэнбургу. Сваякі пацьвердзілі журналістам гібель трох чальцоў экіпажа — гэта 36-гадовы камандзір карабля Станіслаў Бяззубкін, штурман карабля Аляксей Высокін і 38-гадовы бортінжынэр Андрэй Пілуеў.

Пад фота ў сацсетках яшчэ аднаго чальца экіпажа Іл-76 — бартавога радыста Ігара Саблінскага — зьявіліся камэнтары, у якіх выказваюць спачуваньні наконт ягонай гібелі.

Таксама ў самалёце павінны былі знаходзіцца бортінжынэр авіядэсантнага абсталяваньня Сяргей Жыценёў і памочнік камандзіра карабля па прозьвішчы Чміроў. Іх гібель пакуль не ўдалося незалежна пацьвердзіць.

Журналістам не ўдалося незалежна праверыць паведамленьні аб тым, што на борце таксама знаходзіліся ўкраінскія палонныя.

На якія пытаньні пакуль няма адказаў

Хто былі тыя, хто загінулі

Улады РФ заяўлялі, што, акрамя 65 украінскіх палонных, на борце таксама былі 3 чалавекі суправаджэньня і 6 членаў экіпажу. Імёны расіян, якія загінулі, пакуль не названыя. Таксама на ўжо апублікаваных зь месца катастрофы фота ня бачна ніводнага цела: гэта падкрэсьліваюць некалькі ўкраінскіх і расейскіх экспэртаў.

Паводле агучанай і затым выдаленай ва ўкраінскіх СМІ вэрсіі, у самалёце, які ня быў пасажырскім, а быў вайскова-транспартным, маглі перавозіць зброю для расейскага войска, у тым ліку тыя ж ракеты. Гэтая вэрсія цяпер таксама не пацьверджаная.

Чым быў зьбіты самалёт

У дадзены момант нельга дакладна пацьвердзіць кірунак руху самалёта (Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што ён ляцеў з Падмаскоўя ў Белгарад). Таксама не пацьверджаны ўдар па ім: пра яго мы ведаем толькі з вэрсіі Мінабароны Расеі. Расейскія ўлады пакуль не апублікавалі дастаткова фота і відэа зь месца катастрофы, якія б маглі дапамагчы экспэртам высьветліць, ці быў нанесены ўдар і якой зброяй.

Камэнтатары адзначаюць, што ў любым выпадку вэрсія, што расейскі самалёт быў зьбіты над тэрыторыяй Расеі, вельмі нязручная для Масквы: яна азначае, што Белгарадзкая вобласьць не абароненая сыстэмамі СПА. Назіральнікі не выключаюць, што менавіта з гэтай прычыны расейскія ўлады найперш робяць акцэнт на тое, што самалёт быў зьбіты заходняй зброяй і ў ім знаходзіліся ўкраінцы.

Што кажуць экспэрты

Журналісты «Бі-бі-сі» паказалі відэа двум вайсковым экспэртам: старшаму дарадцы Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS) у Вашынгтоне Марку Кансіяну і экспэрту кампаніі Janes, якая спэцыялізуецца на абароннай выведцы, Крыстафэру Пятрову.

«Бачна, як самалёт губляе вышыню, пасьля чаго зьяўляецца вогненны шар», — заявіў Кансіян. Ён дадаў, што шлейф дыму, які бачны ў небе, «адпавядае выбуху».

Пятроў адзначыў, што кадры зьніжэньня самалёта «ўказваюць на [атрыманыя ім] пашкоджаньні да крушэньня». Экспэрт таксама выказаў меркаваньне, што за адну-дзьве сэкунды да крушэньня на борце Іл-76 пачаўся пажар. На думку Пятрова, шлейф дыму «можа намякаць на разгортваньне ракеты клясы „зямля-паветра“», але пра гэта пакуль нельга казаць з упэўненасьцю.

Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у камэнтары Bild расказаў, што «воблачка» дыму ў небе на відэазапісе «вельмі падобнае, як быццам там узарвалася зэнітная ракета комплексу СПА». На думку Левіева, тэхнічная магчымасьць зьбіць самалёт была ў абодвух бакоў — і Расеі, і Ўкраіны. Аднак пакуль, кажа ён, рабіць канчатковыя высновы заўчасна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG