Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Белгарадам упаў расейскі вайскова-транспартны самалёт, на якім нібыта былі палонныя ўкраінскія вайскоўцы


Іл-76, ілюстрацыйнае фота
Іл-76, ілюстрацыйнае фота

Старонкі ў сацыяльных сетках і тэлеграм-каналы публікуюць відэа падзеньня самалёта ў Белгарадзкай вобласьці Расеі.

Папярэдне вядома, што гэта вайскова-транспартны Іл-76.

Паводле расейскага Міністэрства абароны, на якое спасылаецца «РИА Новости», на борце Іл-76 нібыта знаходзіліся 65 палонных украінскіх вайскоўцаў, якіх перавозілі ў Белгарадзкую вобласьць для абмену, 6 чалавек экіпажу самалёта і 3 суправаджальнікі.

24 студзеня сапраўды павінен быў адбыцца абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай — пра гэта ў камэнтары ўкраінскай службе Радыё Свабода паведаміў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Андрэй Юсаў.

«Магу канстатаваць, што заплянаваны на сёньня абмен у цяперашні час не адбываецца», — сказаў ён.

Па словах прадстаўніка ГУР, цяпер правяраецца агучаная расейскім бокам інфармацыя аб тым, што ў самалёце Іл-76, які разьбіўся ў Белгарадзкай вобласьці, маглі знаходзіцца ваеннапалонныя.

У той жа момант «Українська правда» «РБК-Украіна», спасылаючыся на свае крыніцы ў Генштабе Ўкраіны, сьцьвярджалі, што на самалёце перавозілі ракеты для комплексу ЗРК С-300 для абстрэлаў Харкаўскай вобласьці, і што Іл-76 зьбілі УСУ.

Пазьней абодва выданьні адрэдагавалі навіну, прыбраўшы згадку аб датычнасьці УСУ да падзеньня самалёта.

Мінабароны Ўкраіны «пакуль высьвятляе інфармацыю» аб катастрофе Іл-76, піша тэлеканал «Суспільне». Там пакуль ня могуць пацьвердзіць, ці быў самалёт зьбіты Ўзброенымі сіламі Ўкраіны.

Каардынацыйны штаб Украіны па абыходжаньні з ваеннапалоннымі адрэагаваў на заяву Мінабароны РФ аб падзеньні расейскага самалёта Іл-76, які нібыта перавозіў украінскіх ваеннапалонных.

«Каардынацыйны штаб і іншыя профільныя структуры зьбіраюць і аналізуюць усю неабходную інфармацыю. Да публікацыі афіцыйных заяў або камэнтароў упаўнаважаных асобаў або органаў заклікаем СМІ і грамадзян устрымацца ад распаўсюджваньня неправеранай інфармацыі», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай у Telegram.

У штабе падкрэсьліваюць, што расейцы праводзяць спэцыяльныя інфармацыйныя апэрацыі супраць Украіны, накіраваныя на дэстабілізацыю ўкраінскага грамадзтва.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG