900 «экстрэмістаў» за 11 месяцаў у адной вобласьці
У канцы сьнежня 2023 году ў працоўныя калектывы пайшлі «інфармацыйна-прапагандысцкія групы». Іх удзельнікі расказваюць людзям пра «палітычную бясьпеку» напярэдадні выбараў, якія адбудуцца 25 лютага. Матэрыялы для выступаў рыхтуе Акадэмія кіраваньня. Часам мясцовыя ідэолягі дадаюць сваю інфармацыю. Ідэолягі Гомельскай вобласьці вырашылі папалохаць людзей «экстрэмізмам». Матэрыялы такіх сустрэч публікуюць некаторыя мясцовыя сайты.
Адзін з выступаў называецца «Барацьба з экстрэмізмам — найважнейшая задача дзяржавы і грамадзтва». Апроч даведачнай інфармацыі пра «экстрэмізм», ідэолягі таксама трактуюць заканадаўства са свайго пункту погляду.
«Падпіска — гэта элемэнт папулярызацыі, распаўсюджваньня экстрэмісцкай інфармацыі, што значыць захоўваньне ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, на асабістых старонках у сацыяльных сетках спасылак на тэлеграм-каналы, уключаныя ў сьпіс экстрэмісцкіх», — піша аўтар тэксту і дадае, што гэта трактуецца як частка 2 артыкулу 19.11 КаАП.
Ідэолягі таксама расказваюць людзям, што «розная прапаганда — зьліў дадзеных, рэпосты, камэнтары, аказаньне падтрымкі ў папулярызацыі каналу (у тым ліку падабайкі), фінансаваньне — «усё гэта цягне на адміністрацыйную адказнасьць».
У тэксьце адзначана, што праваахоўныя органы маюць сучасныя кампутарныя праграмы, якія могуць ідэнтыфікаваць любога, кантралююць і правяраюць «усё, у тым ліку розныя дамавыя чаты».
Па зьвестках аўтара тэксту, за 11 месяцаў у Гомельскай вобласьці зафіксавалі больш за 900 правапарушэньняў паводле часткі 2 артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Арышт за колеры ў адзеньні
Ідэолягі сьцьвярджаюць, што адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах і пікетах наступае за «разьмяшчэньне незарэгістраванай сымболікі ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга, герба „Пагоня“ ў месцах, даступных агульнаму агляду». У тым ліку на шкле, корпусе ці ў салёне аўтамабіля, на вокнах дамоў, у элемэнтах адзеньня, торбах, на футаралах мабільных тэлефонаў.
Што ж рабіць, каб ня стаць экстрэмістам? Паводле вэрсіі ўладаў, «трэба быць моцным унутры, мець моцную ўстаноўку на непрыняцьце разгойдваньня грамадзтва і традыцыйных асноў, каб на ўсе падазроныя правакацыі сказаць рашучае «Не!».
Калі вы ўсё ж «пад уплывам эмоцый і бяз злых намераў» паддаліся на правакацыю, то той жа тэкст таксама мае адказ.
«Памятайце пра гуманнасьць беларускага заканадаўства, з гатоўнасьцю да супрацоўніцтва зьвярніцеся ў міліцыю ці ГУБАЗіК... Толькі захоўваючы пільнасьць, мы разам можам своечасова і рашуча перадухіліць экстрэмісцкія правакацыі і адстаяць нашу краіну», — упэўнены аўтар.
Не зважаючы на пасады і мінулыя заслугі
На перадвыбарных сустрэчах зь людзьмі ідэолягі расказваюць пра тое, каго і як ужо пакаралі за «экстрэмізм». У прыватнасьці, падчас выступаў згадваецца кіраўніца аднаго з кінатэатраў (захоўвала на старонцы ў Facebook спасылку на «Зеркало»), вядучы інжынэр рэспубліканскага прадпрыемства (захоўваў у «Аднаклясьніках» «Гомельскую вясну»), генэральны дырэктар аднаго з гомельскіх заводаў (за charter97.org у Facebook).
Паводле інфармацыі Свабоды, увосень 2023 году за краты трапіў начальнік аддзелу спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму Яўген Ахрэменка. Як піша «Свободный Жлобин», чыноўнік паставіў падабайку пад пастом суполкі пра супрацоўнікаў КДБ. На судзе Ахрэменка тлумачыў, што праводзіў маніторынг сацыяльных сетак, выяўляў там «лайкі» ад падначаленых. Але суд пакараў яго арыштам.
У Гомлі 15 дзён арышту і звальненьне атрымала кіраўніца абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу банкаўскіх работнікаў Тацяна Хацкова. Дзесяць дзён арышту і звальненьне атрымаў за «распаўсюд экстрэмізму» кіраўнік абласной арганізацыі «Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці» і дырэктар інстытуту «Гомельаблбудпраект» Віктар Буракоў. Гэта вядомы чыноўнік, ён узначальваў Веткаўскі райвыканкам і розныя прадпрыемствы рэгіёну.
Трапіў пад затрыманьне за «экстрэмізм» таксама дырэктар гомельскага тэатру лялек Дзьмітры Гарэлік. Ён кіраваў тэатрам з 1992 году.
Пазбавіўся пасады цяпер ужо былы галоўны энэргетык птушкафабрыкі «Сьвітанак» Вадзім Зубок. Яго плянавалі прызначыць дырэктарам фабрыкі. Але пасьля праверкі тэлефона ў КДБ малады спэцыяліст трапіў у ізалятар, а затым быў звольнены. Раней яго хвалілі ў раённай газэце як пэрспэктыўнага маладога спэцыяліста.
15-дзённы арышт атрымаў палкоўнік МНС у адстаўцы, дырэктар міні-гатэлю «У палкоўніка» і прыватнага прадпрыемства «ПажарКом» у Рэчыцы Ігар Кузьмянок.
«Сыстэма пачала пажыраць сваіх»
Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што ў сваёй дзейнасьці да 2020 году толькі некалькі разоў сустракаў «экстрэмісцкія» справы.
«Сілавікі кажуць, што даўно ўжо ўсіх знайшлі і пасадзілі, дык адкуль яны бяруцца сёньня, тыя 900 чалавек у Гомлі і вобласьці? Скончыліся, відаць, бел-чырвона-белыя „экстрэмісты“, сыстэма пачала пажыраць сваіх — гэта заканамерна для дыктатуры, якая перарастае ў таталітарызм», — тлумачыць Судаленка.
Ён прагназуе, што рэпрэсіі будуць працягвацца і паслабленьня чакаць ня варта.
«Улада зьехала з рэек у 2020-м і не спыняецца. Яна па-іншаму кіраваць ня можа, бо, як толькі аслабіць ціск, пачнуцца перамены. Экстрэмістаў яны будуць шукаць і далей, нават калі іх ня будзе, знойдуць сярод сваіх», — дадае праваабаронца.
Па дадзеных «Вясны», у 2023 годзе з палітычным перасьледам у Беларусі сутыкнуліся ня менш за 6386 чалавек, зь якіх каля 4,5 тысячы асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулащ. Праваабаронцы пішуць, што яны маюць ня ўсе лічбы, адсутнічаюць поўныя дадзеныя аб рэпрэсіях.