Па інфармацыі берасьцейскай «Вясны», 16 студзеня ў Драгічыне і вёсцы Сварынь жорстка затрымалі сама меней шасьцёх мужчын.
Афіцыйнай нагодай для вобшукаў стаў нібыта пошук зброі. Ператрусы праходзілі брутальна: зрывалі падлогу і навясныя столі ў дамах, выбівалі вокны ў машынах.
Паводле крыніцы «Вясны», адзін з затрыманых доўга ляжаў на вуліцы на зямлі, сплываючы крывёю. Пазьней яго даставілі ў рэанімацыю. Далейшы лёс мужчыны праваабаронцам невядома.
Паводле суразмоўцаў, мужчын аб’ядноўвае тое, што яны займаюцца прымежным гандлем («чаўночным бізнэсам»). Бізнэс гэты пераходзіў яшчэ ад бацькоў.
Па стане на 17 студзеня, мінімум адзін з затрыманых ужо быў вызвалены.
ГУБАЗіК затрымаў беларуса, які падчас пратэстаў даў інтэрвію каналу Навальнага
На «пакаяльным» відэа мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах і супраціве міліцыянтам.
Прысуд удзельнікам гурту Tor Band пакінулі бязь зьменаў
Удзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band абскардзілі свой вырак, аднак суд пакінуў яго бязь зьменаў. Такім чынам, прысуд набыў законную моц, паведаміла Гомельская ТВ, зазначыўшы, што музыкаў асудзілі «за песьні».
- Удзельнікаў гурту Tor Band затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Летась 14 кастрычніка ў Гомлі ў закрытым рэжыме над музыкамі пачаўся суд.
- 31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак. Дзьмітры Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.
- Вырак ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.
- Абвінаваўцамі былі прадстаўнікі пракуратуры Ларыса Кучынская і Іван Мончанка.
Вырак за ўдзел у Маршы новай Беларусі
У судзе Ленінскага раёна Менска 20 сьнежня 2023 года асудзілі Ўладзіслава Лагойку паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, піша «Вясна».
Судзьдзя Юлія Шчоткіна прызначыла Ўладзіславу два гады і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы новай Беларусі 20 жніўня 2020 года і выхадзе на праезную частку. Яго апазналі па фотаздымку ў інтэрнэце, а таксама праз даныя мабільнага апэратара аб знаходжаньні абанентскага нумара Лагойкі ў месцы пратэсту.