Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 студзеня: затрыманьні ў мястэчку Моталь на Берасьцейшчыне; новыя выракі за ўдзел у пратэстах 2020-га

абноўлена

Затрыманьне. Архіўнае фота
Затрыманьне. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрыманьні у Моталі Янаўскага раёну

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра затрыманьні у мястэчку Моталь Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Паведамляецца, што затрыманьні закранулі мясцовыя прадпрыемствы, асабліва мясны цэх.

Дакладная колькасьць затрыманых высьвятляецца — праваабаронцам вядома пра як мінімум 4 чалавекі.

Сілавікі затрымалі жыхарку Менску, якая выходзіла на пратэсты зь дзіцем

Сілавікі затрымалі мінчанку, якая ўдзельнічала разам зь дзіцем у пратэстах у 2020 годзе, відэа зь ёй апублікаваў блізкі да сілавікоў канал, паведамляе «Мэдыязона». На камэру яна гаворыць, што проста гуляла зь дзіцем, за што яе і затрымалі. У сацсетках затрыманая падпісана як Яўгенія Петрыкевіч.

Паводле якога артыкулу затрымалі жанчыну і дзе яна цяпер знаходзіцца, невядома.

Гарадзенца асудзіла за ўдзел у маршы — ён думаў, што шэсьце было за Лукашэнку

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 5 сьнежня за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе асудзілі сьлесара Мікіту Машуту (ч. 1 арт. 342 КК, «Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Яму прызначылі 2 гады «хіміі», да суду яго ўтрымлівалі пад вартай.

Гарадзенец віны не прызнаў і запэўніваў суд, што думаў, што шэсьце, у якім ён браў удзел, адбываецца ў падтрымку Лукашэнкі. Пры гэтым пры сабе ў яго быў бел-чырвона-белы сьцяг. Суд яму не паверыў.

З матэрыялаў справы стала вядома, што фатаздымак Мікіты з нацыянальным сьцягам на праезнай частцы да праспэкту Янкі Купалы быў выяўлены ў адным з тэлеграм-каналаў.

Суд пакараў 51-гадовага менчука 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах

Менскі гарадзкі суд прысудзіў 51-гадоваму кладаўшчыку і таваразнаўцу аднаго са сталічных прадпрыемстваў Мікалаю Халаеву 2,5 года «хатняй хіміі» за грубае парушэньне грамадзкага парадку (частка 1 артыкула 342 КК), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Суд прайшоў 19 сьнежня, але вынікі сталі вядомыя толькі цяпер.

У Менску забаранілі выставу карцін мастака Уладзімера Кандрусевіча

Уладзімер Кандрусевіч
Уладзімер Кандрусевіч

«Скасаваньне! Выставу, якая прайшла ўсе ўзгадненьні, забаранілі на этапе мантажу» — напісаў мастак у сваім Фэйсбуку.

Выставу плянавалася правесьці ў Беларускім драматычным тэатры,

Кандрусевіч вядомы сваімі фрэскамі, якімі ён расьпісаў 7 храмаў у Беларусі, у тым ліку касьцёл св. Антонія Падуанскага ў Віцебску. «Уладзімера Кандрусевіча называюць адзіным у Беларусі мастаком, які ў сваіх фрэсках працягвае традыцыі італьянскага адраджэньня», напісала пра яго выданьне Catholic.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG