Беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам 18–20 студзеня возьме ўдзел у XIX саміце Руху недалучэньня, які адбудзецца у сталіцы Ўганды Кампале.
Як паведаміла прэсавая служба МЗС Беларусі, Уганда стане шостай афрыканскай краінай, якая прымае саміт Руху недалучэньня.
«Галоўнай мэтай саміту арганізатары называюць аб’яднаньне лідэраў усяго сьвету для разьвязаньня надзённых глябальных праблемаў і разьвіцьця супрацы між краінамі – удзельніцамі руху», — адзначаецца ў паведамленьні.
Плянуецца, што Сяргей Алейнік выступіць на пленарным пасяджэньні форуму «ў нацыянальнай якасьці і ад групы эўрапейскіх краін у Руху недалучэньня. Апроч таго, беларускі міністар возьме ўдзел у пасяджэньні Групы сяброў у абарону Статуту ААН і правядзе сустрэчы з калегамі краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.
У саміце возьмуць удзел прадстаўнікі 120 краін. Уганда пераймае на сябе старшынёўства ў гэтай арганізацыі пасьля Азэрбайджану.
Што такое Рух недалучэньня
Рух недалучэньня ўтварылі ў 1961 годзе для адстойваньня інтарэсаў краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, ва ўмовах канфрантацыі халоднай вайны. На сёньняшні дзень ён налічвае 120 краін-сяброў, або 60% колькаснага складу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статус назіральніка ў Руху недалучэньня маюць 18 дзяржаў і 10 арганізацый.
Беларусь — сябра Руху недалучэньня з 1998 году, пры гэтым з 1993-га ўваходзіць у вайскова-палітычны блёк АДКБ і так званую «саюзную дзяржаву» з Расеяй.
Да моманту ўступленьня ў Рух недалучэньня, галоўны прынцып якога — недалучэньне да вайсковых блёкаў, Беларусь ужо пяць гадоў была чальцом АДКБ і мела на сваёй тэрыторыі вайсковыя аб’екты з расейскім камандаваньнем: занальны вузел сувязі ВМФ каля Вілейкі і радыётэхнічны вузел недалёка ад Баранавічаў, якія функцыянуюць на падставе міжурадавых пагадненьняў паміж РФ і Беларусьсю, падпісаных у 1995 годзе.
У 2021 годзе ў Беларусі зьявіліся новыя супольныя з Расеяй вайсковыя трэнавальныя цэнтры.
Як раней казаў Свабодзе былы беларускі дыплямат Юры Кажура, які быў у складзе дэлегацыі, што падпісвала дакумэнты аб уступленьні Беларусі ў Рух недалучэньня ў 1998 годзе, Беларусь узяла ўдзел у 12-м саміце Руху ў Дурбане (ПАР), тады туды прыяжджала дэлегацыя беларускага МЗС на чале зь міністрам замежных справаў Іванам Антановічам.
Рух недалучэньня ствараўся ў кантэксьце халоднай вайны, супрацьстаяньня ЗША і СССР. І асноўная ідэя была — стварыць рух, у якім будуць удзельнічаць краіны, якія не ўваходзяць ні ў сацыялістычны блёк, ні ў лік адкрытых саюзьнікаў NATO.
«Нягледзячы на тое, што Беларусь прынялі, усе ключавыя краіны Руху недалучэньня, такія як Эгіпет і Індыя, за кулісамі казалі, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расеяй, а гэта ўжо вельмі магутная супярэчнасьць», — сьведчыў Юры Кажура.
Паводле яго, у Руху недалучэньня актывізаваліся кантакты Беларусі з краінамі Афрыкі, Азіі і Блізкага Ўсходу.
«У канчатковым выніку гэта дапамагло Лукашэнку прасоўваць продаж зброі, атрымліваць даходы ад нафтапрадуктаў. Але перш за ўсё гэта зброя, вядома. Гэтыя кантракты па-ранейшаму існуюць. Яны зьяўляюцца адной з важкіх крыніц выжываньня рэжыму Лукашэнкі, разам з падтрымкай Расеі», — казаў Юры Кажура.
Што важна ведаць пра Рух недалучэньня
- Рух недалучэньня паўстаў у 1961 годзе, паводле колькасьці краін-удзельніц (120) ён саступае толькі ААН.
- На момант уступленьня ў Рух у 1998 Беларусь была адзінай эўрапейскай краінай-удзельніцай і доўгі час ёю і заставалася. Апошнія «эўрапейцы» — Кіпр і Мальта — пакінулі арганізацыю адразу пасьля ўступленьня ў ЭЗ. Пазьней, у 2003 годзе, у рух уступіў Азэрбайджан.
- Ініцыятарамі стварэньня Руху 60 гадоў таму сталі прэзыдэнт Югаславіі Ёсіп Броз Ціта, прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр і прэмʼер-міністар Індыі Джавагарлал Нэру. Спачатку Рух абʼяднаў 25 дзяржаў, асноўным прынцыпам яго было абавязковае адасабленьне ад вайсковых блёкаў. Рух ствараўся як абʼяднаўчая плятформа для краінаў з розным палітычным ладам.
- У краінах Руху сёньня пражывае каля 55% насельніцтва плянэты, дзяржавы-ўдзельніцы ў сукупнасьці валодаюць 75% сусьветных нафтавых і больш як паловай газавых запасаў.
- Больш за ўсё ў руху цяпер афрыканскіх краін — 53. А таксама 37 азіяцкіх, 26 амэрыканскіх і 3 акіянічныя.