Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на Сусьветным форуме ў Давосе расказала пра пазытыўныя і нэгатыўныя сцэнары для Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская 17 студзеня бярэ ўдзел у дзьвюх панэльных дыскусіях, якія прайходзяць у рамках асноўнай праграмы Сусьветнага эканамічнага форуму ў швайцарскім Давосе.

Сьвятлана Ціханоўская 17 студзеня ўжо выступіла у імпрэзах афіцыйнай праграмы Форуму, у тым ліку на панэлі высокага ўзроўню «Абараняючы Адзіны фронт Эўропы».

Разам зь ёю у дыскусіі бралі ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнтка Вэнгрыі Каталін Новак, прэм’ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч і міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Сьвятлана Ціханоўская на Эканамічным форуме ў Давосе. 17 студзеня 2024
Сьвятлана Ціханоўская на Эканамічным форуме ў Давосе. 17 студзеня 2024

Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, у часе дыскусіі «Абараняючы Адзіны фронт Эўропы» Ціханоўская выказала наступныя тэзы:

  • Беларусь — самае слабое зьвяно Пуціна і ключ да спыненьня Расеі.
  • Мы павінны вывесьці Беларусь з вайны.
  • Беларусь не Расея. Важна адрозьніваць людзей і рэжым.
  • Беларусы павінны ўбачыць эўрапейскую пэрспэктыву.
  • Трэба быць гатовымі да «акна магчымасьцяў».

Таксама Сьвятлана Ціханоўская вылучыла два нэгатыўныя сцэнары для Беларусі:

  • Расея перамагае. І Расея лёгка захоплівае Беларусь;
  • Украіна перамагае, а Беларусь становіцца для Пуціна суцяшальным прызам, які кампэнсуе ягоныя страты.

Каб пазьбегнуць падобных сцэнароў, мы павінны вывесьці Беларусь з вайны да яе заканчэньня. Раней — лепш для Ўкраіны і Эўропы, зазначыла Ціханоўская.

«Беларусь адыгрывае ключавую ролю ў спыненьні вайны. Безь Беларусі Пуцін ніколі ня зможа захапіць Кіеў, напасьці на Польшчу», — заявіла Ціханоўская.

«Лёсы Беларусі і Ўкраіны ўзаемазьвязаныя. Мы разумеем, што бяз вольнай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі. Але таксама без свабоднай дэмакратычнай Белаурсі будзе сталая пагроза нашым суседзям. Пакуль рэжым Лукашэнкі застаецца ў краіне, ён будзе марыянэткай Расеі, а беларусь будзе такім бальконам, адкуль ідзе пагроза судзедзям. І мы хочам папрасіць даваць Украіне ўсё, што яна просіць».

Ціханоўская таксама выступіла ў дыскусіі «Куды рухаецца свабода слова?» разам з прадстаўнікамі вядучых міжнародных СМІ і арганізацый.

У дыскусіі ўзялі ўдзел выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Тырана Хасан, галоўны рэдактар тэлерадыёкампаніі «DW» Магдалена Каспэр-Клерыдж, выканаўчы дырэктар выданьня The New York Times Джозэф Кан, а таксама Тагі Рахмані, прадстаўнік фонду Наргес Махамадзі, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру за 2023 год.

Сьвятлана Ціханоўская сярод іншага згадала свайго зьняволенага мужа блогера Сяргея Ціханоўскага, якога пакаралі за журналісцкую працу:

«Свабода слова ў Беларусі на самым нізкім узроўні... Беларусь — краіна з найбольшай колькасьцю зьняволеных журналістаў адносна колькасьці насельніцтва. Цяпер у Беларусі немагчыма чытаць, рэпосьціць і лайкаць паведамленьні незалежных СМІ».

Будучыя выбары ў Нацыянальны сход яна назвала фарсам і імітацыяй, цыркам, які ня мае нічога агульнага з выбарамі.

«І беларусы гэта разумеюць, гэтая кампанія ня можа быць паваротным пунктам у Беларусі».

Чакаецца, што Ціханоўская яшчэ выступіць на сайд-івэнце ў Бэльгійскім доме па тэме: «Факты і выдумкі: Будучыня дэмакратыі». Сярод сьпікераў заяўлены прэм’ер-міністар Бэльгіі Аляксандар Дэ Кро, Прэзыдэнт Эўрапейскай дасьледчай рады Марыя Лепціна, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў фізыцы Браян Шміт, дырэктар Патсдамскага інстытуту дасьледаваньняў узьдзеяньня на клімат Ёхан Рокстрэм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG