Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паварот да глябальнага Поўдня. Што ён дасьць Беларусі


Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ. Ілюстрацыйнае фота

У Менск прыбылі аташэ ў пытаньнях абароны з 14 краінаў афрыканскага кантынэнту. Нядаўна Менск наведаў прэзыдэнт Экватарыяльнай Гвінэі Тэадора Обіянг Нгема Мбасога. Назіраецца ўсё больш шчыльнае сяброўства афіцыйнага Менску з краінамі Ўсходу і Поўдня на тле жорсткага канфлікту з Захадам.

Сьцісла:

  • Пасьля 24 лютага 2022 году Расея ажыцьцявіла радыкальны паварот у сваёй геапалітычнай арыентацыі. Яна пайшла на кардынальны разрыў з Захадам.
  • У гэтым пляне афіцыйны Менск толькі паўтарае ўсе расейскія наратывы, імкнецца пераймаць крокі Масквы, час ад часу бяжыць паперадзе паравоза.
  • Расеі ня ўдасца вярнуць сытуацыю «халоднай вайны», калі СССР як роўны з ЗША супернічаў за ўплыў на краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.
  • Па вялікім рахунку, шчыльнае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі мала дапаможа беларускай эканоміцы. Бо Беларусь няшмат што можна прапанаваць ім.

Ідэя саюзу зь незаходнімі дзяржавамі ўзьнікла адразу пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, пачатку ягонага ідэалягічнага, палітычнага, дыпляматычнага канфлікту з ЗША і ЭЗ. Яна знайшла сваё адлюстраваньне ва ўступленьні Беларусі ў Рух недалучэньня. У той час Лукашэнка на саміце гэтага руху выступаў з палымянымі заклікамі да краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі аб’яднацца дзеля барацьбы з Захадам.

Аднак тады, у канцы 1990-х гадоў, у гэтай справе існавала істотная перашкода. Галоўны саюзьнік Беларусі — Расея — у той час шукала паразуменьня і партнэрства з Захадам, яе далучылі да «Вялікай сямёркі» (у выніку G7 ператварылася ў G8). Таму замежная палітыка афіцыйнага Менску ў чымсьці ішла не ў адным кірунку з Масквой, што не спрыяла яе посьпеху.

Цяпер жа ўсё кардынальна памянялася. Пасьля 24 лютага 2022 году Расея ажыцьцявіла радыкальны паварот у сваёй геапалітычнай арыентацыі. Яна пайшла на кардынальны разрыў з Захадам. Тым самым Расея абнуліла свой 300-гадовы досьвед, калі тры стагодзьдзі яна была важным элемэнтам балянсу сіл у Эўропе. Уладзімір Пуцін нядаўна даводзіў, што цяперашняе расейскае кіраўніцтва нібыта працягвае палітычную лінію, якую вызначыў Пётр І. Насамрэч якраз наадварот. Цяперашні курс Крамля — адмова ад спадчыны расейскага імпэратара. Пётр І прасек вакно ў Эўропу, а Пуцін гэтае вакно зачыняе.

Цяпер Расея разварочвае сваю вонкавую палітыку на Азію, Афрыку, Лацінскую Амэрыку. Гэта канцэптуальнае рашэньне. Масква ставіць задачу стварыць антызаходнюю кааліцыю з краінамі глябальнага Поўдня, збудаваць новую сыстэму міжнародных адносін, у якой роля эўраатлянтычнай супольнасьці была б мінімізаваная. РФ імкнецца зладзіць дэмантаж, дэлегітымізацыю міжнародных інстытутаў, дзе дамінуе Захад: Рада Эўропы, АБСЭ, МВФ, Сусьветны банк, Сусьветная гандлёвая арганізацыя, Міжнародны алімпійскі камітэт і інш., дамагаецца дэдалярызацыі сусьветнай эканомікі. Адбываецца перанос акцэнту ў замежнай палітыцы на незаходнія структуры (ШОС, БРІКС), імкненьне ператварыць іх у антызаходнія. Ствараюцца новыя канструкцыі кшталту саміту РФ — Афрыка. Расея гатовая стаць малодшым партнэрам Кітая — і ўсё дзеля таго, каб неяк нашкодзіць ненавіснаму Захаду.

Пад гэтую задачу падводзіцца ідэалягічная база, адраджаецца спадчына СССР. У выступах Пуціна гучыць старая савецкая антыкаляніяльная рыторыка, размовы пра нэакаляніялізм.

У гэтым пляне афіцыйны Менск толькі паўтарае ўсе расейскія наратывы, імкнецца пераймаць крокі Масквы, час ад часу бяжыць паперадзе паравоза. Часта выходзіць карыкатурна. Пуцін правёў саміт Расея — Афрыка (там хоць прысутнічалі прэзыдэнты). А Менск запрасіў вайсковых аташэ краін Афрыкі.

Ці ёсьць патэнцыял у такой расейскай стратэгіі? Пэўны ёсьць. Саміт G20 паказаў, што Захаду не ўдалося правесьці сваю лінію па «ўкраінскім» пытаньні.

Аднак вярнуць сытуацыю «халоднай вайны», калі СССР на роўных з ЗША супернічаў за ўплыў на краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, ня ўдасца. Што Расея (краіна з доляй 2% у сусьветнай эканоміцы) можа прапанаваць глябальнаму Поўдню? Кітай дае інвэстыцыі, Захад — тэхналёгіі, эканамічную дапамогу. А што Расея? Хіба што наймітаў ПВК Вагнэра. Акрамя таго, у сёньняшняй Расеі няма ідэалёгіі, якая была ў Савецкага Саюзу.

Да таго ж цяпер Расея апынулася ў глыбокай ізаляцыі. Адметна, што Пуцін баіцца выяжджаць з краіны, асьцерагаецца арышту, каб не апынуцца ў Гааскім трыбунале.

Пры ўсім пры тым Расея — краіна Эўразіі, яна разьмешчана ў дзьвюх частках сьвету. Беларусь жа знаходзіцца ў Эўропе. Але гэта не замінае афіцыйнаму Менску цалкам адмовіцца ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў, эўрапейскай гістарычнай спадчыны, свайго цывілізацыйнага коду, а бегчы ўсьлед за Масквой.

Вось, напрыклад, як тлумачыць гэты паварот ад Захаду ў бок глябальнага Поўдня начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валеры Равенка ў этэры тэлеканалу СТВ: «Пачынаючы з 2020 году мы атрымалі аб’ектыўную карціну нашых адносінаў з Захадам, аб’ектыўную карціну адносінаў з Усходам. Мы прааналізавалі ўсё, і было прынятае рашэньне разьвіваць супрацоўніцтва, не абапіраючыся на Захад. Скажам так, адносіны зь дзяржавамі далёкай дугі. Толькі сёлета ў нас адбыліся сустрэчы зь міністрам абароны Індыі. Быў афіцыйны візыт у Іран, сустрэча зь міністрам абароны Кубы». Дадам, сёлета адбыліся візыты Лукашэнкі ў Кітай, Іран, Эміраты, Зымбабвэ.

Робяцца спробы нешта зарабіць на гэтым. Калі гаварыць пра цяперашні візыт вайсковых аташэ з краін Афрыкі, то, паводле інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі, госьці «азнаёмяцца з вайсковымі навучальнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу і прамысловага сэктару эканомікі». Магчыма, сапраўды, некаторыя афрыканскія краіны накіруюць сваіх прадстаўнікоў у беларускія вайсковыя вучэльні, нешта купяць з прадукцыі ВПК.

Але, па вялікім рахунку, шчыльнае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі мала дапаможа беларускай эканоміцы. Бо Беларусь няшмат што можа прапанаваць ім. Асабліва цяпер, калі імпарт заходніх тэхналёгій і камплектуючых — пад санкцыямі. Акрамя таго, існуе праблема нізкай ёмістасьці, платаздольнасьці рынку гэтых краін. Не выпадкова доля дзяржаў так званай «далёкай дугі» не расьце — нават пасьля таго, як абваліўся гандаль з ЭЗ і Ўкраінай (адзінае выключэньне — Кітай).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG