Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch: улады Беларусі падвоілі намаганьні ў стварэньні інфармацыйнага вакуўму на тле ўзмацненьня рэпрэсій


Ва Ўсясьветнай справаздачы аб правах чалавека адзначаецца тэндэнцыя з пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі
Ва Ўсясьветнай справаздачы аб правах чалавека адзначаецца тэндэнцыя з пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі

Праваабарончая дзейнасьць у Беларусі застаецца фактычна па-за законам, ніводнай праваабарончай арганізацыі не ўдалося афіцыйна зарэгістравацца.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch у сваёй сусьветнай справаздачы адзначыла, што цягам усяго 2023 году ўлады Беларусі «масава і сыстэмна душылі іншадумства і перашкаджалі распаўсюджваньню інфармацыі аб парушэньнях правоў чалавека.

«Летась улады Беларусі падвоілі свае намаганьні ў стварэньні інфармацыйнага вакуўму вакол рэпрэсій, якія не паслабляюцца, адразаючы палітвязьняў ад вонкавага сьвету і прымушаючы адвакатаў і сваякоў да маўчаньня. Шырокамаштабныя рэпрэсіі адбываюцца на тле вакуўму інфармацыі, які павялічваецца», — пракамэнтавала сытуацыю ў Беларусі Анастасія Круопе, малодшая дасьледніца Human Rights Watch па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

У справаздачы адзначаецца, што мішэньню для перасьледу былі праваабаронцы, журналісты, адвакаты, дзеячы культуры, прафсаюзныя лідэры і іншыя актывісты, якіх урад лічыў нязгоднымі з афіцыйнай палітыкай. У пачатку лістападу, паводле зьвестак беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна», сама меней 1462 чалавекі знаходзіліся ў турмах праз палітычныя абвінавачаньні.

У справаздачы асобна зьвярнулі ўвагу на тое, што ўлады працягваюць трымаць у ізаляцыі Марыю Калесьнікаву, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча і іншых вядомых палітвязьняў, якія пазбаўленыя кантактаў зь сем’ямі і адвакатамі. Летась сама меней два палітвязьні памерлі ў калёніі ў выніку недастатковай мэдычнай дапамогі.

Праваабарончая дзейнасьць у Беларусі застаецца фактычна па-за законам і ніводнай праваабарончай арганізацыі не ўдалося афіцыйна зарэгістравацца. У чэрвені Менскі гарадзкі суд на закрытым працэсе асудзіў вядомую праваабаронцу Насту Лойка на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў якасьці помсты за яе дзейнасьць.

У арганізацыі Human Rights Watch адзначылі, што праз тры гады пасьля жнівеньскіх пратэстаў 2020 году супраць фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах улады так і не правялі эфэктыўнага расьсьледаваньня тысяч індывідуальных скаргаў на масавыя затрыманьні і катаваньні пасьля затрыманьняў. Апроч таго, улады ўхвалілі шэраг рэзанансных рашэньняў, накіраваных на перасьлед тых, хто выехаў з краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG