Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ствараюць кааліцыю для барацьбы з пагрозай хусітаў на моры. Празь іх атакі нафта падаражэла на 2%


Грузавое судна ў суправаджэньні катэраў хусітаў у Чырвоным моры, архіўнае фота
Грузавое судна ў суправаджэньні катэраў хусітаў у Чырвоным моры, архіўнае фота

Інвэстары асьцерагаюцца перабояў у марскім гандлі пасьля нападу на судны ў Чырвоным моры з боку емэнскіх баевікоў-хусітаў.

Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што Вашынгтон стварае кааліцыю для барацьбы з пагрозай з боку хусітаў, і аб'явіў пра пачатак апэрацыі «Захавальнік росквіту» (Operation Prosperity Guardian) для ўсталяваньня бясьпекі ў Чырвоным моры. У гэтай міжнароднай ініцыятыве, апроч ЗША, таксама возьмуць удзел Вялікая Брытанія, Бахрэйн, Канада, Францыя, Італія, Нідэрлянды, Нарвэгія, Сэйшэлы і Гішпанія.

18 сьнежня кампанія BP паведамляла, што часова прыпыніла ўсе транзытныя перавозкі праз Чырвонае мора пасьля нападу хусітаў на судна, які належыць нарвэскай кампаніі. Суднаходныя кампаніі заявілі, што будуць пазьбягаць гэтага маршруту, піша «Голас Амэрыкі».

На фоне нападаў падаражэла нафта: ф’ючэрсы на нафту гатунку Brent вырасьлі на 1,8% да $77,95 за барэль.

Хусіты — праіранская емэнская групоўка. Яна ўзяла на сябе адказнасьць за напад на два караблі ў Чырвоным моры пры дапамозе вайскова-марскіх бесьпілётнікаў. Каля 15% сусьветнага суднаходзтва праходзіць праз Суэцкі канал — найкарацейшы марскі шлях паміж Эўропай і Азіяй. 18 сьнежня лёнданскі рынак марскога страхаваньня пашырыў зону павышанай рызыкі ў Чырвоным моры, што прывяло да павелічэньня страхавых унёскаў, якія выплачваюцца марскімі транспартнымі кампаніямі.

На мінулым тыдні дарадца прэзыдэнта Джо Байдэна ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван паведаміў журналістам, што Вашынгтон вядзе перамовы зь іншымі краінамі аб стварэньні марской апэратыўнай групы, якая будзе «гарантаваць бясьпечны праход суднаў у Чырвоным моры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG