Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар абароны Літвы Юкнявічэне патлумачыла, ці рыхтуюцца ў Эўропе да вайны з Расеяй: «Мы чуем, што гаворыць Пуцін»


Раса Юкнявічэне. Архіўнае фота
Раса Юкнявічэне. Архіўнае фота

У Эўропе усё часьцей гучаць заклікі да насельніцтва рыхтавацца да вялікай вайны.

Наколькі сур’ёзныя намеры ЭЗ узбройвацца і наколькі рэальнай там успрымаюць пагрозу вайны з Расеяй? Пра гэта расказала «Настоящему времени» Раса Юкнявічэне, эўрадэпутатка, былая міністарка абароны Літвы.

«Да 2014 году ўсе спалі. Але зараз выявілі, што трэба рабіць нашмат больш», — адзначае Раса Юкнявічэне.

Паводле яе, сёньня большасьць жыхароў Эўропы і палітыкаў, якія кіруюць рэгіёнам, ужо ўсурʼёз успрымаюць агрэсіўныя мілітарысцкія заявы Крамля і расейскай палітычнай эліты. На думку Юкнявічэне, у Эўропе могуць быць «зусім новыя войны, не такія, якую мы бачым цяпер ва Ўкраіне».

«Мы ж жывём побач з рэжымам Лукашэнкі, мы ўжо зьведалі гібрыдную атаку зь мігрантамі, — адзначыла Юкнявічэне. — Многія палітыкі зразумелі, што сытуацыя цяпер зусім іншая, чым была да лютага 2022 году. Асабліва зараз, калі ўбачылі тое, у якой сытуацыі знаходзіцца Эўрапейскі зьвяз і эўрапейскі кантынэнт, бо ніхто не рыхтаваўся да такой сытуацыі. Гэтыя памылкі, якія былі зроблены да 2022 году, да 2014 году, але і яшчэ 2014 год ня быў такім сыгналам, што трэба мяняць кардынальна палітыку, асабліва ў сфэры абароны. Гэта і прывяло да гэтай сытуацыі, што цяпер усе выявілі, што трэба рабіць нашмат больш».

Трэба мяняць кардынальна палітыку, асабліва ў сфэры абароны, лічыць экс-міністарка абароны Літвы.

«І калі мы не зразумеем да канца, якая сытуацыя цяпер з гэтай вайной на зямлі Ўкраіны, то калі прыйдуць папулісты — тыя палітыкі, якія будуць крычаць перад выбарамі ў нейкіх дзяржавах: „Бачыце, тут нехта вінаваты, таму што мы выдаём шмат грошай для абароны, а нам патрэбныя пэнсіі, нам трэба асьвета“ і гэтак далей. Мы ўсё гэта ўжо бачылі, як гэта дзейнічае ў дэмакратыях. Так што гэта выклік і для дэмакратычнага ладу як такога: ці можам мы як дэмакратыі абараніць гэтую сыстэму, або дыктатары будуць мець вяршэнства, таму што [у грамадзтва пад кіраўніцтвам дыктатараў] няма выбару, няма пазыцыі, у іх няма нічога і дыктатары могуць будаваць свае інтарэсы на ваенным шляху».

Калі Захад не дапаможа Ўкраіне настолькі, каб яна вызваліла сваю тэрыторыю, то гэта толькі пытаньне часу, калі Расея пачне новае паўнамаштабнае ўварваньне ў іншыя краіны, калі ЭЗ ня будзе гатовы, лічыць Юкнявічэне.

«Вядома, зараз сытуацыя на Захадзе значна лепшая — я маю на ўвазе ў першую чаргу NATO, — чым да 2014 году. Бо тады зусім усе спалі. Цяпер ужо ў нас сытуацыя зусім іншая нават у балтыйскіх дзяржавах, у Польшчы, і Фінляндыя ўступіла ў NATO. І, вядома, Захад зробіць сваю справу, я ўпэўнена. Але толькі зараз гэты час, калі трэба знайсьці пагадненьне, каб усе зразумелі, што гэта за момант».

Час залежыць ад лініі фронту ва Ўкраіне, падкрэсьлівае экс-міністар Літвы.

«Цяпер самае галоўнае — дапамагчы Ўкраіне. Іншага выйсьця няма. Калі Ўкраіна ня здолее выстаяць, вось тады ўжо трэба будзе гаварыць пра іншыя сцэнары. Цяпер экспэрты кажуць, што калі такі сцэнар будзе, то пяць-сем гадоў — і мы можам апынуцца ў іншай сытуацыі, зь іншай шырокамаштабнай вайной».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG