Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманьне Тацяны Севярынец адбылося 9 студзеня раніцай.
Паведамлялася, што жанчыну вязуць у ГУБАЗіК.
Праз час дачка Тацяны Ганна Севярынец напісала, што маці затрымалі да суду, прычынай затрыманьня сталі «нейкія падпіскі ў фэйсбуку, якіх у яе даўно не было». Калі адбудзецца суд — невядома.
Тацяна Севярынец — маці асуджанага на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму палітзьняволенага палітыка, пісьменьніка, аднаго з заснавальнікаў «Маладога фронту», аднаго зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца.
У кастрычніку 2020 году Тацяну Севярынец затрымлівалі праз удзел у маршы пэнсіянэраў.
Самога Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году, у разгар кампаніі па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Ён у гонцы ня ўдзельнічаў, але выкарыстоўваў перадвыбарчы пэрыяд для размоваў зь людзьмі. У той дзень сустаршыня БХД правёў на плошчы ля сталічнага Камароўскага рынку «народны пікет свабоды і салідарнасьці».
25 траўня 2021 году Магілёўскі абласны суд пакараў Севярынца 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў».
23 сакавіка 2022 году апазыцыйны палітык быў унесены ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці», а 21 чэрвеня суд Шклоўскага раёну (Магілёўская вобласьць) зьмяніў рэжым утрыманьня палітвязьня — пастанавіў накіраваць яго ў турму на 3 гады.
30 сьнежня 2023 году Паўлу споўнілася 47 гадоў.