7 чэрвеня 2020 году Паўла арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. 25 траўня 2021-га асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму. Севярынец адбывае пакараньне ў шклоўскай папраўчай калёніі № 17.
У 1997–2004 гадах Павал Севярынец стаў вядомы як удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі Лукашэнкі. 2 красавіка 1998 года яго арыштавалі ў часе апазыцыйнай маніфэстацыі ў Менску і за «зрыў канцэрту, прысьвечанага аб’яднаньню Расеі і Беларусі», зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск.
Севярынец быў адным з арганізатараў I Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001), абароны Курапатаў (верасень 2001-га — чэрвень 2002-га), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Эўропу!» (вясна 2002), перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь» (2004).
У 2005 годзе Павал Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту супраць балятаваньня Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, што адбываліся ў Менску пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Быў асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі. Пакараньне адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна (Полацкі раён).
Павал Севярынец у часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны пасьля акцый пратэсту ў ноч на 20 сьнежня 2010 году. Пяць месяцаў пасьля арышту Севярынец правёў у сьледчым ізалятары КДБ. У траўні 2011 году суд Заводзкага раёну Менску прыгаварыў да трох гадоў абмежаваньня волі ў куплінскай спэцкамэндатуры № 7.