Пастанова, вынесеная 11 сьнежня, зьявілася ў банку судовых рашэньняў, піша «Люстэрка».
Згодна з матэрыяламі суду, аўтамабіль зь несанкцыянаванай рамкай заўважылі ў цэнтры гораду, каля гатэлю «Беларусь» на вуліцы Савецкай.
«Разьмясьціў для ўсеагульнага агляду і публічнай дэманстрацыі на нумарной рамцы прыналежнага яму транспартнага сродку незарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку герб П., чым правёў адзіночны пікет з мэтай выказваньня сваіх грамадзка-палітычных поглядаў», — гаворыцца ў пастанове.
Сам кобрынец прызнаў віну часткова (відаць, не адмаўляў наяўнасьць такой рамкі, але ня быў згодны з тым, што гэта пікет. Аднак у суду знайшоўся сьведка, які пацьвердзіў ягоную «віну».
Па частцы 1 артыкула 24.23 КаАП аб несанкцыянаваным пікетаваньні мужчыну прызначылі штраф у памеры 40 базавых велічыняў, ці 1480 рублёў.
У 1992–1996 годзе герб «Пагоня», які быў тады дзяржаўным, разьмяшчаўся проста на аўтамабільных нумарах і быў іх абавязковай часткай — такім быў вызначанаы ўзор рэгістрацыйнага знаку.