Улады ў Беларусі ўсё часьцей выкарыстоўваюць заканадаўчыя і прапагандысцкія інструмэнты для ціску на людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй і гендэрнай ідэнтычнасьцю, гаворыцца ў дакладзе «Прававой ініцыятывы».
Затрыманьні ЛГБТК+ людзей часта суправаджаюцца зьбіцьцём, зьнявагамі і парушэньнем іх правоў.
Напрыклад, быў выпадак, калі транспэрсонаў абвінавачвалі ў захоўваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і распаўсюдзе парнаграфіі, хоць рэальныя прычыны арыштаў былі зьвязаныя зь іх гендэрнай ідэнтычнасьцю, гаворыцца ў дакладзе.
Абвінавачаньні грунтуюцца на зьмененым вызначэньні парнаграфіі, якое цяпер уключае любыя публічныя праявы нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў, адзначаюць праваабаронцы. У сакавіку 2024 году Міністэрства культуры Беларусі прыняло пастанову, якая прыраўноўвае дэманстрацыю нетрадыцыйных палавых адносінаў да парнаграфіі. У пастанове гомасэксуальныя адносіны і транссэксуалізм параўноўваюцца з крымінальнымі злачынствамі, такімі як пэдафілія і заафілія.
Дзяржаўная прапаганда актыўна фармуе нэгатыўны вобраз ЛГБТК+ як пагрозы «традыцыйным каштоўнасьцям» і ставіць іх у адзін шэраг з ворагамі дзяржавы. Частата праяваў мовы варожасьці ў публічнай прасторы рэзка вырасла: калі да 2020 году стыгматызацыю зьмяшчала кожная 25-я публікацыя, дык у 2023–2024 гадах такіх публікацый амаль палова, адзначаецца ў дакладзе «Прававой ініцыятывы».
Дыскрымінацыя трансьлюдзей
Паводле праваабаронцаў, трансьлюдзі ў Беларусі сутыкаюцца з сыстэматычнымі адмовамі ў гендэрным пераходзе, перабоямі з доступам да гарманальнай тэрапіі, зьневажальнымі ўмовамі мэдычных працэдур і пагрозамі пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.
Працэнт адмоваў у трансгендэрным пераходзе ў Беларусі, паводле зьвестак праваабаронцаў, значна павялічыўся: з 10–15% да 80% у 2024 годзе.
Сацыяльная ізаляцыя і ціск
ЛГБТК+ людзі вымушаныя скарачаць колькасьць сацыяльных кантактаў з прычыны страху перасьледу. Выкарыстаньне праграмаў для знаёмстваў стала небясьпечным праз рызыку сутыкнуцца з правакатарамі ад сілавых структур, гаворыцца ў дакладзе.
Таксама праваабаронцы адзначаюць, што беларуская прапаганда ўзмацняе грамадзкае непрыманьне ЛГБТК+ супольнасьці, прыводзячы да стыгматызацыі яе прадстаўнікоў.
Падлеткі — самая ўразьлівая група
У дакладзе «Прававой ініцыятывы» сьцьвярджаецца, што ў 2024 годзе ўзровень самагубстваў сярод падлеткаў ЛГБТ вырас на 50%, што зьвязваюць з ростам ціску і адсутнасьцю падтрымкі.
Праваабаронцы заўважылі, што беларускі рэжым пераймае падыходы Расеі, у тым ліку заканадаўчыя забароны прапаганды ЛГБТК+.
Рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасьці ўзмацняюцца, падсумоўваюць праваабаронцы. Цалкам даклад «Прававой ініцыятывы» можна пачытаць па спасылцы.
Форум