Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талай прывёз у ведамасны санаторый Беларускай чыгункі пад Магілёвам яшчэ 35 украінскіх дзяцей


Санаторый «Дубровенка» зьяўляецца ведамасным санаторыем Магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Фота з афіцыйнага сайту
Санаторый «Дубровенка» зьяўляецца ведамасным санаторыем Магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Фота з афіцыйнага сайту

Фонд Аляксея Талая арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне».

У санаторыі «Дубровенка», які зьяўляецца ведамасным санаторыем Магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, цяпер знаходзіцца 35 дзяцей, вывезеных з горада Антрацыт Луганскай вобласьці.

Як паведаміла дзяржаўнае выданьне sb.by, беларускі паралімпіец Аляксей Талай пасьля сваёй сустрэчы ў Магілёве з калектывам прадпрыемства «Белмытсэрвіс» наведаў украінскіх дзяцей у гэтым санаторыі.

Фонд Аляксея Талая ў лютым 2022 году падпісаў з прадпрыемствам «Белмытсэрвіс» дамову аб супрацы, якая прадугледжвае супольную рэалізацыю праграм у адукацыі і выхаваньні, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцьця.

Фонд Аляксея Талая арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне». Гэта стала прычынай увядзеньня Ўкраінай санкцый у дачыненьні да Аляксея Талая. Апроч таго, ягоная дзейнасьць у незаконным вывазе дзяцей з Украіны расьсьледуецца ў межах крымінальнай справы аб расейскіх ваенных злачынствах.

Санаторыі «Дубровенка» знаходзіцца ў лесапаркавай зоне за 4 кілямэтры ад Магілёва. Установа спэцыялізуецца на лячэньні захворваньняў органаў кровазвароту, касьцёва-цягліцавай сыстэмы і злучальнай тканкі, органаў дыханьня, нэрвовай сыстэмы і страваваньня. Згодна з статутам, у ім могуць адпачываць і лячыцца як дарослыя, так і дзеці.

Горад Антрацыт Луганскай вобласьці з 2014 году знаходзіцца пад кантролем расейскай улады. Украіна ўключыла гэты горад у пералік часова акупаваных Расеяй тэрыторый.

Паводле сакратарыяту Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч, зь якіх вярнуць ва Ўкраіну змаглі толькі 387 дзяцей.

  • Аляксей Талай — паралімпіец, шматдзетны бацька і праўладны актывіст. У 2018 годзе заснаваў дабрачынны фонд імя Аляксея Талая для дапамогі людзям з інваліднасьцю, цяжкахворым людзям, дзецям, якія засталіся без бацькоў. Талай актыўна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.
  • Талай неаднаразова наведваў акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны і лічыць іх часткай Расеі. Фонд Аляксея Талая арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне».
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» дабіваецца выдачы ордэра на арышт асоб, якія ўдзельнічаюць у незаконным вывазе дзяцей. Матэрыялы з доказамі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Сёлета ў сакавіку праз падазрэньне ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей МКС выдаў ордэр на арышт Пуціна.
  • 8 сьнежня Аляксей Талай стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа. Першага сьнежня Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства беларускай арганізацыі за невыкананьне патрабаваньня аб звальненьні Дзьмітрыя Шаўцова з пасады генэральнага сакратара, які таксама ўдзельнічаў у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей.
  • Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксея Талая за саўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG