Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справы


Беларускі паралімпіец Аляксей Талай, супраць якога Ўкраіна ўвяла санкцыі і дзейнасьць якога разглядае паводле Крымінальнага кодэксу. Архіўнае фота
Беларускі паралімпіец Аляксей Талай, супраць якога Ўкраіна ўвяла санкцыі і дзейнасьць якога разглядае паводле Крымінальнага кодэксу. Архіўнае фота

На пытаньне, ці зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка фігурантам гэтай крымінальнай справы, у сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай рады Ўкраіны ў правах чалавека не адказалі.

Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны зьяўляецца прадметам расьсьледаваньня крымінальнай справы.

Як паведамілі Свабодзе ў сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, дзейнасьць Аляксея Талая расьсьледуецца паводле дзьвюх першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны. Гэтыя крымінальныя правапарушэньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем.

У той жа час у сакратарыяце ўкраінскага амбудсмэна зьвярнулі ўвагу, што прымусовае перамяшчэньне дзяцей падпадае пад тры артыкулы Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду — генацыд у выглядзе дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва, злачынства супраць чалавечнасьці і ваеннае злачынства.

Справу расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны. Яе завялі 21 сакавіка 2022 году па фактах расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У ёй зьмяшчаюцца факты забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыюпалю і іншых гарадоў Украіны.

Дзейнасьць Талая разглядаецца як адзін зь вялікай колькасьці эпізодаў у кантэксьце супрацьпраўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны і далейшую дэпартацыю ў Расею, Беларусь, а таксама прымусовага наданьня ім расейскага грамадзянства і перадачы пад апеку і ўсынаўленьне ў сем’і расейскіх грамадзян.

У сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека дадалі, што дадаткова накіравалі сьледчым матэрыялы пра больш як 2000 ідэнтыфікаваных дзяцей, якіх зь верасьня 2022-га да траўня 2023 году перавезьлі ў дзіцячы цэнтар «Дубрава» ў Менскай вобласьці.

«У кампэтэнтныя органы таксама накіравалі інфармацыю пра так званае „аздараўленьне“ дзяцей з акупаванай тэрыторыі Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь, да якога былі залучаныя беларускія высокія адказныя асобы, спартоўцы, у прыватнасьці паралімпіец Аляксей Талай, генэральны дырэктар расейскага „дабрачыннага фонду“ „Поверь в себя“, і непасрэдна старшыня беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў», — адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

На пытаньне, ці зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка фігурантам гэтай крымінальнай справы, у сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека не адказалі.

У той жа час адзначылі, што перамовы аб вяртаньні дзяцей ва Ўкраіну праводзяць толькі з Расеяй.

«Упаўнаважаны адпаведна сваёй кампэтэнцыі і мандату ёсьць адзіным камунікацыйным каналам між амбудсмэнамі Расеі і Ўкраіны. Але нават нягледзячы на гэта, вяртаньне дэпартаваных і прымусова перамешчаных дзяцей адбываецца вельмі марудна і складана празь невыкананьне Расеяй дамоўленасьцяў, а таксама пастаяннае зьняпраўджаньне расейскім бокам фактаў дэпартацыі дзяцей», — адзначаецца ў адказе на запыт Свабоды.

Цяпер ва Ўкраіну змаглі вярнуць 387 дзяцей, у той час як агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG