Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК: Польшча адмовілася выдаваць Беларусі забудоўніка «Грушаўскага пасада», які расходаваў грошы дольшчыкаў на асабістыя мэты


Будынак Сьледчага камітэту Беларусі, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Будынак Сьледчага камітэту Беларусі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў рамках «спэцыяльнай вытворчасьці» аб нанясеньні маёмаснай шкоды пры будаўніцтве жыльлёвага комплексу «Грушаўскі пасад» у Менску ў дачыненьні да дырэктара кампаніі «Жылбудкамплект» Ільлі Волаха.

Паводле СК, у 2016–2020 гадах Ільля Волах заключаў пагадненьні аб будаўніцтве жылых і нежылых памяшканьняў, але частку атрыманых грошай расходаваў «на мэты, не зьвязаныя з узьвядзеньнем аб’екта будаўніцтва», у тым ліку «на куплю прадметаў раскошы, асабістыя патрэбы, разгульны лад жыцьця, адпачынак у дарагіх установах, набыцьцё аб’ектаў нерухомасьці». Агулам на гэтыя мэты ён, паводле сьледзтва, нібыта выдаткаваў каля 24 мільёнаў беларускіх рублёў.

Пацярпелымі па справе прызналі 430 фізычных асобаў і 5 суб’ектаў гаспадараньня, якім, паводле СК, нанесьлі шкоду агулам больш як на 58 млн рублёў.

Дзеяньні Волаха кваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 240 (наўмыснае павелічэньне неплацежаздольнасьці юрыдычнай асобы, якое прывяло да прычыненьня шкоды ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Згодна з інфармацыяй СК, Волах «атрымаў польскае грамадзянства і пражывае ў Варшаве». Беларусь спрабавала дамагчыся ягонай экстрадыцыі, аднак польскі бок адмовіўся гэта рабіць.

«Згодна з адказам Акруговай пракуратуры ў Варшаве, Рэспубліцы Беларусь адмоўлена ў выкананьні просьбы аб выдачы, бо гэта «супярэчыць прынцыпам права Польшчы», — паведамляе СК.

Матэрыялы крымінальнай справы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

  • Жылы комплекс «Грушаўскі пасад» у Менску «Жылбудкамплект» пачаў будаваць больш як 10 гадоў таму. У яго мусілі ўвайсьці 4 дамы вышынёй ад 18 да 23 паверхаў. Першыя два дамы здалі ў 2014−2015 гадах, трэці будавалі павольна. У 2020 годзе яго будоўля спынілася, чацьвёрты дом нават не пачалі будаваць. Забудоўнік Ільля Волах зьехаў у Польшчу, у Беларусі на яго завялі крымінальную справу.
  • У 2021-ым выйшаў указ № 347 «Аб завяршэньні будаўніцтва жылых дамоў», які мусіў абараніць інтарэсы ўладальнікаў жыльлёвых аблігацый, якія не атрымалі сваіх кватэр. Дабудоўваць «Грушаўскі пасад» узяліся іншыя арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG