Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самаабвешчаная Нагорна-Карабаская рэспубліка спыніла існаваньне


Сьцяпанакерт (Ханкэндзі), найбуйнейшы горад рэгіёну
Сьцяпанакерт (Ханкэндзі), найбуйнейшы горад рэгіёну

Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджана і не прызнаная ніводнай краінай сьвету, 1 студзеня 2024 года фармальна спыніла сваё існаваньне.

Указ аб гэтым апошні прэзыдэнт рэспублікі Самвэл Шахраманьян падпісаў у верасьні мінулага году пасьля таго, як Азэрбайджан у выніку ваеннай апэрацыі ўстанавіў кантроль над усёй тэрыторыяй рэгіёну.

Указам было загадана «распусьціць усе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў іх ведамасным падпарадкаваньні да 1 студзеня 2024 году», а таксама гаварылася аб тым, што «Рэспубліка Нагорны Карабах (Арцах) спыняе сваё існаваньне».

Большая частка Нагорнага Карабаху, які прызнаецца міжнароднай супольнасьцю тэрыторыяй Азэрбайджану, больш за 30 гадоў знаходзілася пад кантролем уладаў самаабвешчанай рэспублікі. Над часткай тэрыторыі Баку вярнуў кантроль у выніку вайны восені 2020 году. 19 верасьня 2023-га Азэрбайджан пачаў новы наступ, і ўжо на наступны дзень армянскія фармаваньні фактычна капітулявалі. Пераважная большасьць армянскіх жыхароў рэгіёну, больш за 100 тысяч чалавек, баючыся рэпрэсій з боку азэрбайджанскіх уладаў, выехалі ў Армэнію. Уся тэрыторыя Нагорнага Карабаху перайшла пад кантроль Азэрбайджану.

Пры гэтым у рэгіёне па-ранейшаму разьмешчаныя расейскія вайскоўцы. Аб разьмяшчэньні міратворчага кантынгенту лідэры Армэніі, Азэрбайджана і Расеі дамовіліся восеньню 2020 году. Пасьля пачатку азэрбайджанскага наступленьня ў верасьні мінулага года расейскія вайскоўцы ня ўмешваліся ў баявыя дзеяньні, але, як сьцьвярджалася, садзейнічалі выезду ахвотных жыхароў рэгіёну ў Армэнію.

Большасьць былых кіраўнікоў самаабвешчанай рэспублікі, у тым ліку тры былыя прэзыдэнты, а таксама былы дзяржаўны міністар, мільярдэр і былы грамадзянін Расеі Рубэн Варданьян, былі арыштаваныя азэрбайджанскімі ўладамі і па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі. Суду над імі пакуль не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG