Праваслаўны сьвятар Андрэй Наздрын служыў у Горадні, стварыў з нуля прыход у маладым мікрараёне Альшанка, пачаў будаваць царкву, сам працаваў на будаўнічым кране. У 2022 годзе быў настаяцелем прыходу храму сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага.
Пасьля ягоных казаняў пачынаючы з 24 лютага 2022 году, калі Расея напала на Ўкраіну, сілавікі правялі зь ім «прафіляктычную гутарку аб недапушчэньні экстрэмісцкіх дзеяньняў», а пазьней ён быў звольнены з усіх пасадаў у эпархіі.
Сьвятара перавялі служыць пад Горадню ў вёску Коматава ў маленькі прыход. 25 сьнежня 2023 году ён правёў там сваю апошнюю службу.
Цяпер Андрэй Наздрын у Польшчы. Як ён сказаў у відэа ў фэйсбуку, ён знаходзіцца ў Саках і чакае, калі Польская праваслаўная царква вызначыць для яго новае месца службы.