Лінкі ўнівэрсальнага доступу

32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе


Аляксандар Манцэвіч, адзін зь нядаўна асуджаных журналістаў
Аляксандар Манцэвіч, адзін зь нядаўна асуджаных журналістаў

Апублікаваная статыстыка рэпрэсій супраць журналістаў і мэдыя ў 2023 годзе.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) прывяла некалькі лічбаў, якія тычацца сёлетняга перасьледу журналістаў:

  • 32 прадстаўнікі мэдыя застаюцца за кратамі;
  • 46 затрыманьняў журналістаў у 2023 годзе;
  • 34 ператрусы і агляды памяшканьняў;
  • 16 адміністрацыйных арыштаў;
  • 162 млн рублёў — выдаткі на прапаганду зь дзяржаўнага бюджэту;
  • 33 прадстаўнікоў СМІ прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі»;
  • 89,5 — агульная колькасьць гадоў зьняволеньня, прысуджаных журналістам і супрацоўнікам СМІ.

У спэцыяльнай табліцы сабралі ўсе вядомыя выпадкі, у якіх БАЖ бачыць парушэньне правоў журналістаў у сувязі зь іх прафэсійнай дзейнасьцю.

На гэты момант у няволі застаюцца прадстаўнікі СМІ:

  • Кацярына Андрэева,
  • Ігар Лосік,
  • Ксенія Луцкіна,
  • Андрэй Аляксандраў,
  • Дзяніс Івашын,
  • Анджэй Пачобут,
  • Марына Золатава,
  • Людміла Чэкіна,
  • Валерыя Касьцюгова,
  • Ірына Леўшына,
  • Дзьмітры Наважылаў,
  • Ірына Слаўнікава,
  • Андрэй Кузьнечык,
  • Сяргей Сацук,
  • Юры Ганцарэвіч,
  • Дзьмітры Лукша,
  • Канстанцін Залатых,
  • Алесь Любянчук,
  • Юры Гладчук,
  • Іван Мураўёў,
  • Павал Мажэйка,
  • Яўген Меркіс,
  • Дзьмітры Семчанка,
  • Іна Можчанка,
  • Андрэй Фамін, рэдактар самвыдавецкіх газэт «Весьнік»,
  • Ларыса Шчыракова,
  • Павал Падабед,
  • Вячаслаў Лазараў,
  • Аляксандар Манцэвіч,
  • Ігар Карней,
  • Андрэй Толчын,
  • Алесь Сабалеўскі (адміністрацыйная справа).

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, «Белсат», БелаПАН, «Эўрарадыё», Tut.by, Kyky.org, «Наша ніва», «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «Мост», «Люстэрка», «Ранак», «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG