У падмаскоўным горадзе Балашысе раніцай 25 красавіка ўзарваўся аўтамабіль. Пра гэта паведамілі тэлеграм-каналы Baza, Mash, Shot і шэраг іншых. Яны сьцьвярджаюць, што ў выніку выбуху загінуў генэрал Узброеных сілаў Расеі.
У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што распачалі крымінальную справу па факце забойства генэрал-лейтэнанта Яраслава Маскаліка.
«Па факце выбуху аўтамабіля фольксваген-гольф у раёне дому 2 на вуліцы Несьцерава ў горадзе Балашысе Сьледчым камітэтам Расеі заведзена крымінальная справа паводле артыкулаў «забойства» і «незаконнае абарачэньне выбуховых рэчываў».
Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку выбуху загінуў намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ генэрал-лейтэнант Яраслаў Маскалік, выбух адбыўся ў выніку дэтанацыі самаробнай выбухной прылады, напоўненай паражальнымі элемэнтамі.
У МНС Расеі спачатку заявілі, што ў Балашысе адбылося «ўзгараньне аўтамабіля, потым адбыўся пляск». Паводле папярэдніх зьвестак, як інфармавала ведамства, «у машыне было ўстаноўлена газавае абсталяваньне». Пра гібель чалавека ў паведамленьні не гаворыцца.
Момант выбуху трапіў на відэа.
Паводле зьвестак Baza, выбух адбыўся каля 10:40, калі вайсковец праходзіў побач з прыпаркаваным ля дому фольксваген-гольфам. Baza сьцьвярджае, што ў машыне была ўсталяваная выбуховая прылада, яна ўзарвалася, калі генэрал праходзіў побач.
Паводле зьвестак Shot, аўтамабіль не належаў генэралу.
Генэрала Яраслава Маскаліка згадвала, у прыватнасьці, паведамленьне ТАСС у 2021 годзе. Указвалася, што ён займаў пасаду намесьніка начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ. У 2015 годзе, як адзначыў журналіст Алег Кашын, Маскалік удзельнічаў у перамовах у так званым нармандзкім фармаце з удзелам Расеі і Ўкраіны — паведамленьне пра гэта ёсьць на сайце Крамля. Невядома, ці прымаў ён удзел у вайне ва Ўкраіне.
Паводле шэрагу паведамленьняў, у машыне таксама знаходзіўся чалавек, які загінуў.
Камэнтароў украінскага боку што да гібелі генэрала Маскаліка пакуль няма.
Форум