Літоўскі бок атрымаў прапанову ад Беларускай чыгункі аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны наўпрост паміж краінамі. Гэта «Новой газете. Балтия» пацьвердзілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацыяў Літвы.
«Прапанова атрыманая. Яе абмяркоўваюць адказныя органы. Калі будзе прынятае канчатковае рашэньне, мы паінфармуем грамадзкасьць», — паведаміў выданьню прэсавы сакратар міністэрства Лукас Пашкявічус.
Раней дэлегацыя Беларускай чыгункі (БЧ) падчас паседжаньня Канфэрэнцыі генэральных дырэктараў чыгунак Арганізацыі супрацы чыгунак (АСЧ) прапанавала калегам зь Літвы, Латвіі і Польшчы аднавіць беспасярэднія пасажырскія зносіны зь Беларусьсю, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.
«Падчас пленарнага паседжаньня Беларуская чыгунка зьвярнулася да чальцоў Канфэрэнцыі генэральных дырэктараў АСЧ ад Літоўскай Рэспублікі (завочна), Латвійскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча з прапановай аб аднаўленьні беспасярэдніх пасажырскіх зносінаў Беларусь — Літва, Беларусь — Латвія, Беларусь — Польшча», — гаворыцца ў паведамленьні БЧ.
Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю ў сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу (COVID-19), але і па заканчэньні пандэміі ня сталі аднаўляць перавозак. Так, напрыклад, польскі ўрад матываваў абмежаваньні магчымасьцю таго, што Беларусь будзе выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для міграцыйнага ціску на Польшчу.