Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы зможам хутка аднавіць усе пашкоджаньні». Парафіяльны камітэт апублікаваў фота Чырвонага касьцёла пасьля пажару і зьвярнуўся да ўладаў


Чырвоны касьцёл у Менску, архіўнае фота
Чырвоны касьцёл у Менску, архіўнае фота

Касьцельны камітэт менскай парафіі сьвятых Сымона і Алены 25 сьнежня апублікаваў зварот да ўладаў з просьбай «вярнуць вернікам храм», запэўніўшы, што яны гатовыя дапамагчы ў працах па аднаўленьні пашкоджаньняў, каб сьвятыню хутчэй адкрылі для вернікаў.

У звароце адзначаецца, што пасьля ўзгараньня ў Чырвоным касьцёле ён ужо другі год закрыты для вернікаў, для правядзеньня літургічных набажэнстваў, апячатаны і чакае рэстаўрацыі. У СМІ і тэлебачаньні ўжо некалькі разоў прайшла інфармацыя пра заплянаваны рамонт.

«Увесь прыход касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены, які налічвае каля 10 000 прыхаджан, і мінчан[е], якія наведвалі духоўныя канцэрты арганнай музыкі, выставы, гатовы далучыцца і дапамагчы ў працах па аднаўленьні пашкоджаньняў, каб сьвятыня зноў славіла Госпада і суцяшала людзей», — гаворыцца ў звароце.

На дадатак да звароту апублікавалі фота касьцёла да і пасьля пажару.

«Робім гэта для таго, каб пераканаць гарадзкія ўлады, што мы зможам у кароткі тэрмін аднавіць усе пашкоджаньні і вярнуць Сьвятыні годны выгляд, і надалей сумленна клапаціцца пра яе», — гаворыцца ў звароце.

Гэта і наступныя фота — наступствы пажару ў Чырвоным касьцёле
Гэта і наступныя фота — наступствы пажару ў Чырвоным касьцёле

Касьцёльны камітэт зьвярнуўся да ўладаў, «ад якіх залежыць лёс Храму», з просьбай, адкрыць яго вернікам для малітвы.

«Просім дзяржаўныя ўлады: зрабіце падарунак нам, вернікам, усім гараджанам і гасьцям сталіцы — радасьць Калядна-Навагодняга цуду — вярніце нам Божы храм!» — сказана ў звароце.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG