«Міра, дабра і сьвятла, якое не дазволіць змроку захапіць нашыя сэрцы», пажадала беларусам лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская ў калядным віншаваньні 24 сьнежня.
Яна назвала хрысьціянскае сьвята «цудоўнай магчымасьцю сабрацца разам з сям’ёй, блізкімі, сябрамі, сказаць добрыя словы адно аднаму».
«Ведаеце, сёньня па ўсім сьвеце згадваецца звычай дзяліцца аплаткай — кавалачкам хлеба, які перадаецца з рук у рукі. Такім чынам людзі выказваюць падтрымку і клопат, дзеляцца цеплынёй і любоўю. Але мы, беларусы, бескарысьліва дзелімся ўсім гэтым ня толькі на Каляды, але кожны дзень — праз лісты, тэлефонныя званкі, абдымкі і добрыя словы з тымі, каму неабходная падтрымка», — сказала палітык.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка ў сваім віншаваньні падкрэсьліў, што «Раство і Каляды — сьвяты надзеі і веры». «Надзеі на лепшыя часы, веры ў тое, што ў нашым заўтра ўсё будзе добра. І беларусы ня толькі вераць у гэта, але і бяруць у свае рукі адказнасьць, працягваюць змагацца за сваю будучыню. І кожны наш крок — гэта ўнёсак у наша заўтра. Наш народ прайшоў праз шмат выпрабаваньняў, якія рабілі і працягваюць рабіць яго мацнейшым», — заявіў ён.
На фоне ганеньняў на сьвятароў Лукашэнка павіншаваў вернікаў з Божым Нараджэньнем, заявіўшы пра «спачуваньне і любоў да бліжняга»
Лукашэнка назваў яго «самым цудоўным хрысьціянскім сьвятам». «Ён напаўняе сэрца велізарнай радасьцю і надзеяй, натхняе на добрыя справы, вучыць праяўляць спачуваньне і любоў да бліжняга», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Божае Нараджэньне, паводле яго слоў, з’яўляецца «часам для шчырай малітвы ў храме і душэўных сямейных вечароў, доўгачаканых дзіцячых падарункаў і ўсьвядомленай дабрачыннасьці, падвядзеньня вынікаў і складаньня плянаў на будучыню».
«Перакананы, аб’яднаныя вернасьцю да сваёй роднай Беларусі, разам мы зробім усё магчымае, каб кожны яе жыхар адчуваў сябе запатрабаваным і шчасьлівым», — гаворыцца ў віншаваньні.
Лукашэнка павіншаваў вернікаў з Божым Нараджэньнем на фоне няспынных ганеньняў, якія працягваюць улады на неляяльных сьвятароў, у тым ліку каталіцкіх, і ўзмацненьня жорсткасьці заканадаўства ў сфэры адносін дзяржавы і царквы.