Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс у панядзелак назваў пагадненьне аб сталым разьмяшчэньні нямецкай брыгады ў Літве «гістарычным момантам», дадаўшы, што гэта першы раз, калі Нямеччына стала разьмяшчае войскі за межамі сваёй краіны.
«Мы гатовыя і будзем абараняць тэрыторыю NATO», — сказаў Пісторыюс на прэс-канфэрэнцыі са сваім літоўскім калегам Арвідасам Анушаўскасам пасьля падпісаньня дарожнай мапы стварэньня брыгады.
Дывізія Бундэсвэру павінна быць гатовая да разгортваньня да 2027 году, сказаў Пісторыюс, дадаўшы, што мэта палягае ў тым, каб пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стала разьмясьціць 4800 вайскоўцаў і каля 200 цывільных асоб у каардынацыі з NATO.
Цяпер у Літве стала знаходзяцца 800 нямецкіх вайскоўцаў, яшчэ 650 былі перакінутыя туды часова пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
Перамовы аб разьмяшчэньні нямецкай брыгады ў Літве пачаліся ў траўні 2023 году.