Дасьледчы цэнтар BEROC у межах маніторынгу эканомікі Беларусі прэзэнтаваў дасьледаваньне «Хатнія гаспадаркі. Восень 2023».
Яго асноўныя высновы:
- Індэкс спажывецкай упэўненасьці (агульнае ўспрыманьне і чаканьні насельніцтва адносна эканомікі краіны і свайго фінансавага стану) прыпыніў аднаўленчы рост пасьля значнага спаду ў пачатку вайны Расеі супраць Украіны.
- Горш за ўсё рэспандэнты ацэньваюць бягучы стан краіны: 39% апытаных адзначылі, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі і матэрыяльнае становішча іхнае сям'і пагоршыліся за мінулы год.
- Пры гэтым у цэлым назіраецца пазытыўная дынаміка ў ацэнцы актуальнага эканамічнага стану краіны: 17% лічаць, што сытуацыя палепшылася (на 5 працэнтных пунктаў больш, чым год таму), 30% лічаць, што сытуацыя не зьмянілася (+13 п.п.), 39% — што яна пагоршылася (-24 п.п.).
- Доля людзей, якія ў кастрычніку 2023 году паведамілі пра зьніжэньне сваіх даходаў за апошні месяц, дасягнула чарговага мінімуму і склала 30,7 %.
- Толькі 34% беларусаў адчулі, што іхныя даходы вырасьлі за апошнія паўгода, паводле зьвестак апытаньня хатніх гаспадарак.
- Агулам 45% апытаных не назіралі зьменаў у матэрыяльным становішчы сваёй сям’і за мінулы год, 18% адзначылі паляпшэньне, 35% — пагаршэньне.
- Аб’ёмы спажывецкага крэдытаваньня працягваюць расьці. Іх рост прыкметны ня толькі ў афіцыйнай статыстыкі, але і ў дадзеных апытаньня: у чэрвені 2023 году пра афармленьне крэдыту паведамілі 14,4% апытаных, у кастрычніку — ужо 22,4%.
- На рынку працы Беларусі стала актуальнай праблема дэфіцыту кадраў. 43% апытаных адзначылі, што ў сфэры, дзе яны працуюць, адчуваецца недахоп кадраў. Зь іх 70% лічаць, што недахоп кадраў утварыўся з прычыны нізкіх заробкаў, 35% лічаць, што з прычыны вялікай нагрузкі. Пра эміграцыю кадраў згадалі 23% апытаных, пра звальненьні супрацоўнікаў — 18%.