Пра вызваленьне Ніны Багінскай з залі суду без прызначэньня пакараньня піша тэлеканал Белсат. Таксама ён паведамляе пра тое, што крымінальную справу супраць яе спынілі.
На судовае паседжаньне нікога не пусьцілі, у тым ліку прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Максім Трусевіч, які раней выносіў палітычна матываваныя прысуды дзясяткам актывістаў. Магчыма, судзьдзя ўлічыў у рашэньні ўзрост Багінскай, нязначнасьць «правапарушэньня» (значок на каўнерыку паліто) і ўжыў артыкул 79 КК — «Асуджэньне без прызначэньня пакараньня».
У судзе Першамайскага раёна Менска адмовіліся даць інфармацыю аб рашэньні па справе Ніны Багінскай па тэлефоне, але пацьвердзілі, што справу Ніны Багінскай 30 траўня разглядалі ў іх.
Пры гэтым, аднак, юрыст Павал Сапелка адзначае, што такое судовае рашэньне зусім не азначае поўнага спыненьня перасьледу Багінскай.
Багінская прынесла з сабой на паседжанне дыск з запісам прамовы Аляксандра Лукашэнкі. 20 кастрычніка 2020 года ён сказаў пра актывістку: «Вы глядзіце толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў».
Эўрапейскія дыпляматы прыйшлі падтрымаць Ніну Багінскую, якую пачалі судзіць у Менску, паведамляе амбасада Нямечыны ў Беларусі:
«Сёньня ў адным з менскіх судоў адбылося слуханьне ў справе 78-гадовай Ніны Багінскай. Абвінавачаньні, вынесеныя супраць яе, несправядлівыя і палітычна матываваныя.
Прадстаўнікі дыпляматычных місіяў у Беларусі сёньня ў час слуханьня прыехалі да будынку суду, каб выказаць салідарнасьць з Нінай Багінскай».
78-гадовую актывістку абвінавацілі ў «неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 342-2 КК) за адзіночныя пікеты.
Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў зьняволеньня.
У 2024 годзе на Ніну Багінскую тройчы складалі пратаколы ў адміністрацыйных справах аб «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». У суме яе аштрафавалі на 7200 рублёў (180 базавых велічыняў).
Вядома, што падчас сьледзтва ў крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псыхіятрычную экспэртызу.
У Ніны Багінскай ужо ня раз вырывалі і забіралі бел-чырвона-белыя сьцягі, зь якімі яна выходзіла на пратэсты.
Аляксандар Лукашэнка ў 2020 годзе сказаў, што аддаў загад не чапаць Багінскую.
Форум