Вітаю, дружа!
Халодны травень закончыўся першым днём лета. Літоўцы ніяк не рэагуюць на холад у кватэры з часоў «гарбачоўскай блякады» 1990 году. Пішу «ніяк», параўноўваючы зь беларускім алярмам, што паўтараецца штогод. Хоць тэмпэратура ўва ўсіх тая самая.
Украінцы дзесьці ў Сібіру атакавалі расейскія аэрадромы. Кажуць, зьнішчылі большасьць самалётаў, якія штодня бамбяць бедную Ўкраіну. Бамбяць «з асаблівым цынізмам». Пуцін у тэлевізары ўсьміхаецца, дэманструе гэты самы цынізм. А нехта ў сеціве ўспомніў словы Карэла Чапэка: «Вораг падступна напаў на нашы самалёты, якія мірна бамбілі ягоныя гарады»... Пуцін усьміхаецца. Люблю гумар і не люблю асаблівага цынізму.
Ты згадаў пра нашу 23-ю гімназію, зь якой да мяне пасьля 2020 году даходзяць толькі кепскія зьвесткі:
«У нас у гімназіі чарговы гістэрычны крызыс у канцэпцыі навучаньня НВП (пачатковая вайсковая падрыхтоўка. — РС). На гэты раз дзяўчат пасьля 10 клясы адпраўляюць на абавязковую практыку ў анкалягічнае аддзяленьне лякарні. Трызьненьне нейкае. Яны школьніцы, нават не навучэнкі мэдычнага вучылішча, навошта ім гэта?»
Сумна чытаць. Дзесьці я сустракаў, што школьнікаў у Беларусі водзяць таксама на экскурсіі ў турмы. І гэта таксама — абавязковая практыка. У прынцыпе ўсё цяпер у нас і адрозьніваецца цынізмам.
Добра памятаю той дзень, калі нам удалося сабраць усіх сваіх дзяцей у менскай 23-й гімназіі. Я гэта разглядаў як перамогу, бо гімназія была ня толькі беларускай, але і прэстыжнай. Заводзіць туды і забіраць адтуль дзяцей, хадзіць на бацькоўскія сходы заўсёды было радасна. Сустракаць там шмат сяброў ды знаёмых... Казалі, што дзеці выходзяць з 23-й прынамсі з добрай беларускай мовай. Гэта было галоўнае. Беларускамоўнасьць. Яна робіць дзіця чалавекам, роўным з усімі — не важнейшым за іншых, але і не ніжэйшым. У 2020-м мая радасьць зьнікла, а пасьля мы зьехалі за мяжу. І вось твой ліст пра чарговы прымус.
Ты, вядома, абураесься:
«А раптам дзяўчаты падхопяць які-небудзь вірус ці атрымаюць псыхалягічную траўму, размаўляючы з хворымі. А як гэта для хворых будзе, калі да іх прыводзяць дзяцей? Гэта ж абсалютнае трызьненьне. Калі гэта абавязковы ўрок, вось няхай у школе яго і праводзяць. Мясцовыя ўлады баяцца агучваньня і абмеркаваньня падобных рэчаў».
Апошняя твая заўвага, бадай, усё і тлумачыць. Нічога добрага, што ты робіш у школе, хаваць ня мае сэнсу, наадварот. Посьпехамі ў адукацыі прынята хваліцца. А калі ты робіш нядобрае, тады ўзьнікае пытаньне: ці на сваім ты месцы? Бо мы не гаворым пра дзяржаўныя таямніцы, а толькі пра звычайныя практыкі, якія ахапілі ўсю сыстэму ў Беларусі, дзе самая відавочная загана — закрыты ад публікі суд, напрыклад, за «абразу Лукашэнкі». Абраза тут — рэч цынічна надуманая і ў кожным разе азначае крытыку самаабвешчанага правіцеля. І калі такі суд засакрэчваецца (якія там могуць быць «дзяржаўныя тайны»?), выснова вельмі простая — ці на сваім месцы гэты правіцель.
***
Я часта ўспамінаю запавет Кастуся Каліноўскага: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе». Асабіста я перакананы ў жыцьцёвасьці гэтых словаў — гэта як індыкатар. Па-першае, мы, беларусы, ніколі толкам і не жылі без расейцаў над сабою. Прынамсі, 200 апошніх гадоў. Па-другое, я думаю, што імпэрыялізм — гэта тая практыка, якая ўжо адышла ў гісторыю. І рана ці позна беларусы перастануць быць «пад маскалём», то бок маскаль стане не над намі, а побач, як роўны зь беларусамі і ўсімі астатнімі, са сваёй мовай, культурай і годнасьцю. Вось што меў на ўвазе Каліноўскі, пішучы «зажывеш шчасьліва». Гэта значыць — без «асаблівага цынізму».
Каб «параіцца з народам», я ўчыніў фэйсбучную апытанку: «Што для вас значыць шчасьлівае жыцьцё?» — і атрымаў больш за 80 камэнтаў-адказаў. Былі там цікавыя сюжэты. Напрыклад, такі адказ: «Без трывог», а шамякінскае «Трывожнае шчасьце» — аксюмаран (як гарачы сьнег). Хтосьці сьцьвярджаў, што шчасьця няма, хтосьці — што яго апісаць немагчыма, хтосьці — што яно ў кожнага сваё. Казалі, што ў мінулым якое заўгодна жыцьцё ўспрымаецца як шчасьлівае, а яшчэ гэта — калі разумееш законы ўладкаваньня сьвету і не супярэчыш ім, але радасьці гэта не дадае... Во якое дзіва: шчасьце бяз радасьці. Былі і такія адказы, як у Каліноўскага, хоць я і не называў яго, пытаючыся: «Без Расеі, відаць», «Каб крывапiўцы-„путлеры“ зьнiклi з твару Зямлi».
Хтосьці знаходзіць шчасьце ў самарэалізацыі і спадзяецца толькі на сябе, а хтосьці жыве для сям’і, сяброў і Бога (так бы мовіць, па-будысцку: простае жыцьцё, узвышанае мысьленьне). Урэшце стала зразумела, што, гаворачы пра шчасьце, мы проста гаворым пра жыцьцё — бо гэта, выглядае, сынонімы. І ў Каліноўскага сэнс ня ў слове «шчасьліва», а ў слове «зажывеш».
Лукашысцкіх прапагандыстаў сярод маіх камэнтатараў не было. Мне цяжка ўявіць, каб пра шчасьце нехта разважаў «з асаблівым цынізмам». Але мне цікава, што яны думаюць пра Беларусь, калі чытаюць сусьветныя рэйтынгі шчасьця, у якіх каторы раз перамагае Фінляндыя, дзе дакладна нікому ня прыйдзе ў галаву цягнуць школьніц у анкадыспансэр.
У Беларусі цяпер ня тое каб кепскія выгналі з радзімы добрых, не. І Лукашэнка не выглядае ўсемагутным. Уладу захапіла сама гэтая дактрына асаблівага цынізму, тое, што ты называеш трызьненьнем, а я — усьмешкай Пуціна, які страціў самалёты. А людзі, яны ўвогуле розныя, што дома, што ў эміграцыі. Адно што ў эміграцыі так проста ў душу да іншага не залезеш, не прымусіш, не згвалтуеш, тут іншыя парадкі.
Я разьлічваўся на касе ў «Максіме» (гэта сетка прадуктовых крамаў), а перад мной разьлічвалася старэйшая жанчына. Яна заплаціла і пайшла. Сьледам я расплаціўся і сабраўся сыходзіць. Але заўважыў у латку каля касы сьвежы гурок. Гэта ня мой, — сказаў я касірцы. На выхадзе з крамы я заўважыў тую старэйшую кабету, якая спакоўвала свае набыткі. І касірку, якая дагнала яе з тым самым гурком. Думайце што хочаце, але жыцьцё і ёсьць шчасьце. Пры такім раскладзе мы прынамсі застаемся людзьмі.
***
Дарэчы, у Літве праз пару дзён будзе адзначацца Дзень суседзяў. Тое, што ў нас было спантанна пасьля «выбараў 2020» і што было жорстка разагнанае ўладамі, калі многія тысячы людзей з дваровых сходак апынуліся ў турмах ды ў эміграцыі. Тое, што ў нас душылася зьверху, тут зьверху падтрымваецца.
— Ці вітаецеся вы з суседзямі? — пытаецца літоўскае мэдыя. — Ці ведаеце вы іхныя імёны? Часам мы нічога пра іх ня ведаем. А яны ж — найбліжэйшыя чальцы нашай супольнасьці.
Словам, літоўцы будуць сьвяткаваць добрасуседзтва — тое, што ў Беларусі называецца «экстрэмізм». Прычым дакладна тое самае: супольныя вячэры, забавы, жывая музыка, творчыя майстэрні... Эх.
Пішы!
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум