Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся здымкі пасьля нападу ўкраінскіх дронаў на расейскі стратэгічны аэрадром


Атака дронаў у Іркуцкай вобласьці Расеі 1 чэрвеня 2025 году
Атака дронаў у Іркуцкай вобласьці Расеі 1 чэрвеня 2025 году

Пашкоджаныя або зьнішчаныя не менш як 10 самалётаў.

Спадарожнікавыя здымкі і іншыя наяўныя зьвесткі пацьвярджаюць, што Расея страціла ня менш за 10 стратэгічных бамбавікоў у выніку нападу ўкраінскіх дронаў на расейскія аэрадромы, піша Расейская служба Радыё Свабода.

OSINT-аналітык Крыс Бігерс у панядзелак раніцай апублікаваў спадарожнікавыя здымкі аэрадрому «Белая» ў Іркуцкай вобласьці пасьля ўдару ўкраінскіх дронаў. Яны зробленыя з дапамогай радара з сынтэзаванай апэртурай (SAR), які дазваляе «бачыць» аб’екты на зямлі скрозь аблокі.

З фатаграфіяў вынікае, што на авіябазе былі зьнішчаныя 4 стратэгічныя бамбавікі Ту-95 і столькі ж Ту-22.

Такіх жа здымкаў другой атакаванай авіябазы, «Аленевая» ў Мурманскай вобласьці, пакуль няма, але ў спалучэньні з апублікаванымі Службай бясьпекі Ўкраіны відэа з дронаў можна падсумаваць беспрэцэдэнтны ўкраінскі ўдар па расейскіх вайсковых аэрадромах.

Паводле падлікаў карыстальніка сацыяльнай сеткі X Intelshizo, на аэрадромах «Белая» і «Аленевая» былі зьнішчаныя прынамсі:

  • 7 стратэгічных бамбавікоў Ту-95 (яшчэ адзін пашкоджаны),
  • 4 стратэгічныя бамбавікі Ту-22,
  • 1 вайскова-транспартны самалёт Ан-22.

Служба бясьпекі Ўкраіны раней заявіла, што ў выніку нападу на аэрадромы ў некалькіх вобласьцях Расеі былі паражаныя «34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет на асноўных аэрадромах базаваньня Расеі» — гэта значыць 43 самалёты. Незалежнага пацьверджання гэтай лічбы няма.

Дакладна вядома аб пашкоджаньні або зьнішчэньні самалётаў толькі на дзьвюх базах — у Мурманскай і Іркуцкай вобласьцях. У Іванаўскай, Разанскай і Амурскай вобласьцях, таксама названых у паведамленьнях СБУ, напады, як сьцьвярджае Міністэрства абароны Расеі, былі адбітыя.

У Мурманскай і Іркуцкай вобласьцях дроны, якія атакавалі авіябазы, вылецелі з грузавых фураў. Апублікаваныя шматлікія відэа, зьнятыя відавочцамі.

Кантэйнэры з дронамі, якія ў нядзелю 1 чэрвеня атакавалі Мурманскую і Іркуцкую вобласьці, маглі быць сабраныя на складзе ў Чалябінску. Пра гэта паведамляюць тэлеграм-каналы Baza і Mash з спасылкай на OSINT-адмыслоўцаў. Яны вывучылі фатаграфіі, апублікаваныя ўкраінскімі крыніцамі, і выявілі падобны склад на Сьвярдлоўскім тракце ў Чалябінску.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што атака дронаў на стратэгічныя аэрадромы Расеі была спэцапэрацыяй СБУ.

«Цалкам бліскучы вынік. Самастойны вынік Украіны. Год, шэсьць месяцаў і дзевяць дзён з пачатку плянаваньня да эфэктыўнай рэалізацыі. Найбольш дальнабойная наша апэрацыя», — напісаў прэзыдэнт Украіны ў Тэлеграме пасьля сустрэчы з кіраўніком СБУ Васілём Малюком.

Расейскае Міністэрства абароны назвала здарэньне «тэрактам». Многія праваенныя блогеры пішуць, што падобная атака тэарэтычна адпавядае крытэру расейскай ядзернай дактрыны, паводле якога Расея можа ўжыць ядзерную зброю ў адказ на аб’екты стратэгічных ядзерных сілаў. Аднак ніякай рэакцыі расейскага кіраўніцтва на напады пакуль не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG