Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удары па расейскіх аэрадромах могуць абмежаваць здольнасьць Расеі біць па Ўкраіне, — Інстытут вывучэньня вайны


Удар дронаў па расейскіх самалётах на аэрадроме Белая ў Іркуцкай вобласці Расеі, 1 чэрвеня 2025 году
Удар дронаў па расейскіх самалётах на аэрадроме Белая ў Іркуцкай вобласці Расеі, 1 чэрвеня 2025 году

Украінская апэрацыя супраць расейскай стратэгічнай авіяцыі, праведзеная 1 чэрвеня, можа «прынамсі часова» абмежаваць здольнасьць Расеі наносіць дронавыя і ракетныя ўдары па Ўкраіне, піша ў сваёй справаздачы амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW).

«Апэрацыя Ўкраіны была накіравана супраць самалётаў, якія Расея выкарыстоўвае для запуску крылатых ракет супраць Украіны, і сыстэм раньняга радыёлякацыйнага папярэджаньня і кіраваньня, якія Расея выкарыстоўвае для ідэнтыфікацыі ўкраінскіх сыстэм СПА і каардынацыі цэляў расейскіх зьнішчальнікаў.

Расея рэгулярна разгортвае Ту-95 і Ту-22М3 для запуску крылатых ракет Х-101/Х-555 і Х-59/69 супраць Украіны.

Зьбіцьцё расейскага самалёта А-50 раней часова абмежавала дзейнасьць расейскай авіяцыі над Украінай.

Апэрацыя з выкарыстаньнем украінскіх бесьпілётнікаў 1 чэрвеня прымусяць расейскіх чыноўнікаў разгледзець пытаньне пераразьмеркаваньня расейскіх сыстэм СПА для ахопу значна больш шырокага дыяпазону тэрыторыі і, магчыма, разгортваньня мабільных груп СПА, якія змогуць хутчэй рэагаваць на магчымыя падобныя ўдары ўкраінскіх бесьпілётнікаў у будучыні», — гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Аналітыкі таксама адзначылі, што Расеі, верагодна, будзе цяжка замяніць самалёты, якія ўкраінскія войскі пашкодзілі і зьнішчылі.

«1 чэрвеня выданьне The Economist паведаміла, што Расея, верагодна, мае агулам менш за 90 працоўных Ту-22, Ту-95 і Ту-160.

Украінскія крыніцы нядаўна адзначылі, што Расея ўсё часьцей выкарыстоўвае самалёты Су, а не стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі, для запуску крылатых ракет. Расея, верагодна, пайшла на такі крок, каб не рызыкаваць сваімі стратэгічнымі бамбардзіроўшчыкамі, гэта сьведчыць пра тое, што Расея занепакоена абмежаванай колькасьцю сваіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў», — робіць выснову ISW.

1 чэрвеня стала вядома, што Ўкраіна зьдзейсьніла маштабную адначасовую сэрыю ўдараў бесьпілётнікамі па некалькіх авіябазах у Расеі. Крыніцы ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі Ўкраінскай службе Радыё Свабода, што ўкраінскія спэцслужбы правялі апэрацыю «Павуціна» і зьнішчылі больш за 40 расейскіх вайсковых самалётаў, сярод іх А-50, Ту-95 і Ту-22 М3.

Атаку зьдзейсьнілі з дапамогай бесьпілётнікаў, якія раней на грузавіках завезьлі ў Расею.

СБУ ацаніла нанесеныя Расеі страты ў ходзе апэрацыі «Павуціна» ў 7 мільярдаў даляраў і заявіла, што пашкодзіла 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет РФ.

Міністэрства абароны Расеі назвала атаку на аэрадромы ў Мурманскай, Іркуцкай, Іванаўскай, Разанскай і Амурскай абласьцях «тэрактам». Паводле фармулёўкі ведамства, у Мурманскай і Іркуцкай абласьцях «адбылося ўзгараньне некалькіх адзінак авіяцыйнай тэхнікі».

Расейскае Мінабароны таксама заявіла пра затрыманьне «некаторых удзельнікаў тэрактаў». Паводле ж СБУ, усе ўдзельнікі спэцапэрацыі знаходзяцца ва Ўкраіне.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG