Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэрвію» ў кайданках. Прапагандысты АТН пазьдзекаваліся з Кастуся Каліноўскага


Фрагмэнт прапагандысцкага кінароліку АТН
Фрагмэнт прапагандысцкага кінароліку АТН

Тэлеграм-канал праўладнай тэлекампаніі АТН заявіў, што «сілавым структурам Беларусі вядомыя агрэсіўныя пляны апанэнтаў па рэалізацыі ў Беларусі сілавога сцэнару спробы дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі і захопу ўлады».

Канал пераконвае, што «такія дэструктыўныя намеры старанна адсочваюць, фіксуюць і нэўтралізуюць».

У якасьці прыкладу прыводзяць грамадзяніна Беларусі, які, паводле праўладнага тг-каналу, «даўно затрыманы», а раней нібыта «рыхтаваўся да ўдзелу ў баявых дзеяньнях». Цяпер ён пад сьледзтвам за «наёмніцтва» і «ўдзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».

«Вядома, што ў суседняй дзяржаве недружалюбныя сілы спрабуюць сфармаваць у Беларусі сьпячыя суполкі, гатовыя ў выпадку неабходнасьці ўчыняць тэракты» — напісаў тэлеграм-канал у анонсе тэлесюжэту.

Сам ролік быў паказаны адразу пасьля выпуску вечаровай інфармацыйнай праграмы, большая частка якой складалася з ухваленьняў вынікаў афрыканскага турнэ Лукашэнкі.

Кінаролік пабудаваны на інтэрвію з мужчынам, якога прадставілі як Аляксандра Кулікова. Паводле сюжэту, ён быў у палку імя Каліноўскага ва Ўкраіне, а потым вярнуўся ў Беларусь. Прычыны вяртаньня не раскрываюца. Сама гутарка Кулікова зь неназваным суразмоўцам адбываецца ў турэмнай камэры.

Некалькі разоў паказваюць рукі зьняволенага ў кайданках.

Мужчына, якога называюць Аляксандрам Куліковым, расказвае спачатку пра наведваньне «Беларускага дому» у Варшаве, потым пра знаходжаньне ва Ўкраіне ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага, прадстаўляючы байцоў і камандзіраў палка ў нэгатыўным сьвятле. Гутарка перабіваецца фрагмэнтамі запісу размоваў невядомых асобаў, у якіх гучыць лаянка ў адрас Аляксандра Азарава, а таксама кадрамі выступу Зянона Пазьняка на пахаваньні добраахвотніка (бяз гуку).

У фільме арыштаваны заяўляе, што лічыць Лукашэнку легітымна абраным прэзыдэнтам. У фінале стужкі мужчына пераконвае не ісьці па ягоным шляху, бо «ні да чаго добрага гэты шлях не прывядзе».

Увесь фільм зроблены па-расейску, беларуская мова гучыць толькі ў фрагмэнце, крыніцай якога пазначаны неназваны «экстрэмісцкі канал».

Кінаролік трансьляваўся пад назовам «Найміт з палка імя павешанага».

Як не хавала тэлевядоўца АТН напярэдадні дэманстрацыі роліка, пад «павешаным» прапагандысты маюць на ўвазе Кастуся Каліноўскага, пакаранага сьмерцю за арганізацыю паўстаньня 1863–1864 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG