Да таго ж яны пацьвярджаюць аўтэнтычнасьць тэкстаў, вядомых у якасьці «Лістоў з-пад шыбеніцы».
«Каханая, дарагая мне Марылечка!» — цытуе «Белсат» адзін з апошніх лістоў Кастуся Каліноўскага, напісаны 19 сакавіка 1864 году па-польску, за тры дні да ўзыходу лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў у Літве і Беларусі на шыбеніцу на Лукіскім пляцы ў Вільні.
Прыведзеныя Дзюкавым выявы гэтага ды іншых лістоў (часопіс «Тетради по консерватизму», № 3, 2023) сьведчаць, што яны напісаныя на падобных аркушах, падобным атрамантам і ў той жа манеры, што і беларускамоўны «Ліст з-пад шыбеніцы», які сёньня захоўваецца ў Варшаве. Гаворка пра той, які завяршаецца словамі: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе».
Пра асабістае ліставаньне Каліноўскага да яго нарачонай Марысі Ямант было вядома і раней дзякуючы ўспамінам сястры Марысі — Людвікі Радзевіч. Але беларускім гісторыкам гэтыя лісты не былі вядомыя. Як высвятляецца, пяць зь іх (магчыма, іх больш) захаваліся, прычым чатыры — у Маскве і адзін — у Вільні. Усе яны трапілі ў рукі царскай паліцыі ў 1866 годзе, пасьля замаху на расейскага імпэратара Аляксандра ІІ, калі сям’я Ямантаў, якая была ў ссылцы ў Сібіры за ўдзел у паўстаньні 1863–1864 гадоў, была арыштаваная.
Адзін зь беларускіх гісторыкаў сказаў «Белсату», што фактычна беларусы павінны падзякаваць спадару Аляксандру Дзюкаву за гэтыя знаходкі, нягледзячы на тое, што ён намагаўся праз іх сшальмаваць постаць Кастуся Каліноўскага. «Дзюкаў гэтак доўга выбудоўваў сваю канцэпцыю на адным лісьце, пазьбягаючы згадкі пра верш Каліноўскага, не тлумачыў, навошта Кастусю, які меў пад рукою на волі шмат паперы (а як выглядалі дакумэнты тады, сам Дзюкаў выдатна ведае), раптам трэба было напісаць нешта на вельмі невялікіх аркушыках. Аднак цяпер мы займелі прыклад таго, як палітзьняволены амаль 170 гадоў таму за кратамі суцяшаў сваю каханую. І гэта толькі яшчэ больш надае вагі Каліноўскаму», — перадае «Белсат» словы гісторыка.
Уласны інтарэс да Каліноўскага Аляксандар Дзюкаў падрабязна патлумачыў у сакавіку 2022 году, не хаваючы, што да сапраўднай гісторыі яму справы зусім няма. Каліноўскі для яго ня хто іншы, як «структурны адпаведнік Бандэры», які быў супраць Расеі, дакладней, супраць царскай Расеі (Расейскай імпэрыі), на якую сёньняшняя РФ арыентуецца: «У сучасным інфармацыйным грамадзтве замоўчваньне ўжо не працуе, зрабіць з Каліноўскага чалавека, які нэўтральна ставіўся да Расеі, ужо немагчыма».
Каб патлумачыць уладам Лукашэнкі, чаму трэба выкрасьліць Каліноўскага, Дзюкаў выкарыстоўвае наступны прыём: «Калі ў падручніках пішуць пра Каліноўскага ў пазытыўным сэнсе — гэта ўжо працуе на апазыцыю. Апавядаючы пра Каліноўскага ў пазытыўным сэнсе ў школьных падручніках, улады падштурхоўваюць школьнікаў у яе БЧБ (бел-чырвона-белыя) абдымкі».
«Таму для Дзюкава ня гэтулькі важна, высьветліць ці не гістарычную праўду, колькі элемэнтарна сшальмаваць Каліноўскага, — адзначае «Белсат». — Ён, напрыклад, прыпісаў Каліноўскаму замест знаных на сёньня словаў «У нас няма дваран — усе роўныя» словы «Усе роўныя, усе сыны адной Польшчы, Бацькаўшчыны нашай».
Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня беларусаў, палякаў і літоўцаў 1863–1864 гадоў. Ён стаў нацыянальным героем беларусаў. Паўстанцкія атрады, узначаленыя Каліноўскім, дзейнічалі ў асноўным на тэрыторыі цяперашняй Беларусі і вялі ўзброеную барацьбу з войскамі Расейскай імпэрыі. Каліноўскі заснаваў і выдаваў першую беларускую газэту «Мужыцкая праўда».
Паўстаньне Каліноўскага расейцы разграмілі. У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Ваенна-палявы суд пакараў яго сьмерцю. Каліноўскага павесілі 22 сакавіка 1864 году на Лукіскім пляцы ў Вільні. Яму было 26 гадоў. Ягоныя парэшткі былі знойдзеныя і ўрачыста перапахаваныя ў 2019 годзе.
Цяпер імя Кастуся Каліноўскага носіць асобнае падразьдзяленьне з грамадзян Беларусі, якое ўвайшло ў склад Узброеных сілаў Украіны.