Дата дня
10 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. У гэты дзень у 1948 годзе на Генэральнай Асамблеі ААН прынялі Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.
Таксама ў гэты дзень
1520 — Марцін Лютэр публічна спаліў папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне пратэстантызму ад Каталіцкай царквы.
1901 — уручылі першыя Нобэлеўскія прэміі.
1945 — адкрылася Беларуская гімназія ў Рэгенсбургу (Нямеччына).
1963 — увялі ў эксплюатацыю першую чаргу калійнага камбінату ў Салігорску.
1991 — цэнтральны праспэкт Менску атрымаў новую назву ў гонар Францішка Скарыны.
1991 — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Белавескія пагадненьні аб спыненьні дзеяньня Саюзнай дамовы 1922 году і аб утварэньні СНД. Супраць прагаласаваў адзін дэпутат — былы сакратар ЦК КПБ і будучы старшыня Канстытуцыйнага Суду Валер Ціхіня.
2007 — пачалася трансьляцыя тэлеканалу «Белсат».
2015 — Сьвятлане Алексіевіч уручылі Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры.
2022 — цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай прэміі, ад імя нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага зь лекцыяй выступіла ягоная жонка Натальля Пінчук.
У гэты дзень нарадзіліся
1870 — Фэрдынанд Рушчыц, жывапісец і пэдагог.
1878 — Мікола Блёдуха, беларускі акадэмік, геоляг, дасьледнік карысных выкапняў Беларусі.
1892 — Павал Аляксюк, беларускі палітык, радны БНР, старшыня Беларускай вайсковай камісіі, кіраўнік ураду пры штабе генэрала Булак-Балаховіча.
1930 — Мікола Арочка, беларускі паэт і літаратуразнавец, аўтар гістарычных паэмаў «Курганьне», «Крэва», «Судны дзень Скарыны», «Каранацыя Мяндоўга».
1939 — Анатоль Белы, беларускі грамадзка-культурны дзяяч, навуковец, калекцыянэр, стваральнік прыватнага мастацкага музэю ў Старых Дарогах (заснаваны ў 1999 годзе).
У памяці
1896 — памёр Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік, інжынэр, вынаходнік дынаміту, заснавальнік Нобэлеўскай прэміі.
2006 — памёр Аўгуста Піначэт, чылійскі дыктатар.
2021 — памёр Міхал Сапель, сьвятар, які адрадзіў беларускую імшу ў касьцёле Сьвятога Роха на Залатой Горцы ў Менску.