Міністэрства інфармацыі Беларусі зноў унесла інтэрнэт-рэсурсы Радыё Свабода ў «рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт «Радыё Свабода», старонкі ў Twitter, Telegram, YouTube і TikTok.
Упершыню ў беларускі «экстрэмісцкі сьпіс» трапілі плятформы іншых моўных службаў Радыё Свабода: TikTok-каналы расейскай і ўкраінскай рэдакцыяў
Раней у гэты сьпіс трапілі таксама:
- група «Радыё Свабода» ў сацыяльнай сетцы «Аднакласьнікі» (рашэньне суду Барысаўскага раёну ад 17 траўня 2023 году).
- сымболіка Радыё Свабода: выява паходні аранжавага колеру (рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску ад 4 сакавіка 2022 году),
- акаўнты Беларускай службы Радыё Свабода ў Тэлеграме, YouTube, Facebook, Instagram і «Укантакце» (рашэньне ад 3 сьнежня 2021 году суду Цэнтральнага раёну Менску).
- Сайт Радыё Свабода заблякаваны на тэрыторыі Беларусі з жніўня 2020 году.
Згодна зь дзейным беларускім заканадаўствам, выраб, распаўсюд і захоўваньне (падпіска) інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць як для выдаўцоў, так і для карыстальнікаў.
23 сьнежня 2021 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Перасьлед журналістаў Радыё Свабода
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. 14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму. Больш як 9 месяцаў зь Ігарам, які адбывае прысуд у папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку, няма сувязі.
16 ліпеня 2021 году сілавікі ў масках разграмілі менскі офіс Радыё Свабода. У той жа дзень затрымалі журналістаў Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іну Студзінскую. Грузьдзіловічу прысудзілі паўтара года турмы. Ён адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам і выйшаў на волю ў верасьні 2022, пасьля 9 месяцаў зьняволеньня.
25 лістапада 2021 году ў Менску затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка. 8 чэрвеня 2022 Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Ён знаходзіцца ў Наваполацкай папраўчай калёніі.
18 кастрычніка 2022 сілавікі затрымалі жонку Ігара Лосіка Дар’ю, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.