Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазыцыянавала сябе як жонку палітвязьня». Дар’я Лосік год за кратамі


Дар’я Лосік, каляж
Дар’я Лосік, каляж

Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка затрымалі раніцай 18 кастрычніка ў яе дома ў Баранавічах.

Другі раз сілавікі прыйшлі ў кватэру Лосікаў а палове на восьмую ранку 18 кастрычніка 2022 году. Дар’я з дачкой Паўлінай яшчэ спалі. Падчас ператрусу Дар’і дазволілі патэлефанаваць бацькам, яе маці прыехала на месца, але ў кватэру трапіць не змагла.

Спачатку Дар’ю Лосік затрымалі на тры дні. Пазьней стала вядома пра крымінальную справу «за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Падставай для гэтага сілавікі палічылі дадзены ў красавіку 2022 году ў размове з тэлеканалам «Белсат» камэнтар пра сытуацыю зь яе мужам Ігарам Лосікам.

Суд над Дар’яй пачаўся ў Берасьці ў студзені 2023-га. Паводле матэрыялаў справы, у інтэрвію яна «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязьня... дала асабістую нэгатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампэтэнцыі якіх аднесена ажыцьцяўленьне крымінальнага перасьледу і правасудзьдзя... паведаміла, што яе муж не зьдзяйсьняў крымінальных дзеяньняў і асуджаны незаконна... заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць зь яе прыклад».

Пракурорка Кацярына Пакала запрасіла для Дар’і два гады пазбаўленьня волі. Такі ж вырак вынес судзьдзя Мікалай Грыгаровіч.

«Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям’ю, у тым ліку маю малую дачку», — сказала Дар’я перад агучваньнем прысуду.

Чатырохгадовую дачку Ігара і Дар’і Лосікаў Паўліну даглядаюць бацькі сужэнцаў. Дар’ю неўзабаве пасьля прысуду этапавалі ў Гомельскую жаночую калёнію, дзе яна знаходзіцца дагэтуль. Ігар Лосік адбывае 15-гадовы тэрмін у Наваполацкай калёніі. Родныя Ігара ня маюць зь ім сувязі зь сярэдзіны лютага 2023-га, перапіска паміж Ігарам і Дар’яй таксама забароненая.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG