Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем». Рэакцыі нашых чытачоў


Апячатаныя дзьверы менскага офісу Радыё Свабода пасьля налёту сілавікоў 16 ліпеня 2021 году
Апячатаныя дзьверы менскага офісу Радыё Свабода пасьля налёту сілавікоў 16 ліпеня 2021 году

Міністэрства ўнутраных справаў 23 сьнежня 2021 году прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Пералік арганізацыяў, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія «маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», абнавіўся, піша афіцыйны тэлеграм-канал сілавікоў. Раней «экстрэмізм» закідалі таксама іншым недзяржаўныя СМІ, якія асьвятлялі масавыя фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году і масавыя акцыі пратэсту.

«Экстрэмісцкімі фармаваньнямі» да Свабоды прызналі тэлеканал «Белсат» і агенцтва БелаПАН.

3 сьнежня стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну Менску на падставе матэрыялаў ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода – Беларусь», яе аналягаў у сацыяльных сетках і відэагостынгу YouTube «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал ГУБАЗіК.

«Радыё Свабода катэгарычна адхіляе гэты сьмешны ярлык, — сказаў тады прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай. — Мы імкнёмся і надалей даваць аб’ектыўныя навіны і інфармацыю беларускім людзям, якія цяпер як ніколі маюць патрэбу ў незалежных СМІ. Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму дае зразумець, што яго ігнараваньне праўды і намаганьні абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі ня маюць межаў».

Новыя судовыя рашэньні

Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла інтэрнэт-рэсурсы Радыё Свабода ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

  • сайт «Радыё Свабода», старонкі ў Twitter, тэлеграме, YouTube. Сацыяльныя сеткі расейскай і ўкраінскай службаў Свабоды таксама трапілі ў беларускі «экстрэмісцкі сьпіс» (рашэньне суду Чыгуначнага раёну Гомля ад 7 сьнежня 2023 году);
  • сымболіка Радыё Свабода, выява паходні аранжавага колеру (рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску ад 4 сакавіка 2022 году);
  • група ў сацыяльнай сетцы «Аднакласьнікі» з назвай «Радыё Свабода» (рашэньне суду Барысаўскага раёну Менскай вобласьці ад 17 траўня 2023 году);
  • тэлеграм-канал «Радыё Свабода – Беларусь», а таксама аналягі ў сацыяльных сетках і відэагостынгу YouTube (рашэньне ад 3 сьнежня 2021 году суду Цэнтральнага раёну Менску).
  • Сайт Радыё Свабода заблякаваны на тэрыторыі Беларусі, які і іншыя незалежныя СМІ.

Як на гэта адрэагавалі нашы чытачы

Сабралі ў тэлеграм-канале Радыё Свабода рэакцыі нашых чытачоў на прызнаньне інтэрнэт-рэсурсаў Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем»:

  • «Welcome to the club )»
  • «Добрая прычына падпісацца!»
  • «кожны дзень дно..»
  • «Ну нарэшце 👍»
  • «У наш час гэта знак якасьці»
  • «Віншую — вы атрымалі знак якасьці. Толькі што на Вас падпісаўся празь Белсат»
  • «З пачынам, спадары!!!🤘»
  • «Нашы віншаваньні! Чыталі, чытаем і будзем чытаць!⚪️❤️⚪️»
  • «Урааа, малайцы) віншую)»
  • «Лавіце падпіску! ❤️»
  • «Нарэшце афіцыйнае прызнаньне падышло. Падарунак да Новага году. Даўно падпісаны і адпісвацца не зьбіраюся. Радыё Свабода, Наша Ніва, Белсат, Мотолько помоги, Zerkalo (tut.by) і многія-многія іншыя — гэта тыя, хто дае магчымасьць паглядзець на адны і тыя ж падзеі пад рознымі ракурсамі і зрабіць свае высновы — тое, для чаго журналістыка і патрэбная..».
  • «Ну што, можна толькі павіншаваць...»
  • «Віншую з прызнаньнем!»
  • «Улада, якая ўтойвае праўду ад народу, асуджаная! Цыцэрон (экстрэміст)»
  • «Шчыра дзякую за Вашую працу. Но пасаран! Жыве Беларусь!!!»
  • «Павіншую! Хоць зусім ня сьмешна, насамрэч»
  • «З пачынам! Віншую!»
  • «Мае віншаваньні! Дзякуй за леташнія стрымы!❤️»
  • «Разам і назаўсёды✌️»

Перасьлед журналістаў Свабоды

25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.

14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.

Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.

Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.

25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG